На этой странице блога "BYK-va!" размещаю картотеку, сложенную нашим односельчанином Мазуром Александром Ивановичем в 1992 году. На полноту и точность она не претендует, но примечателен сам факт попытки сохранения несуществующих и существующих названий урочищ, хуторов, полей и болот.
Уже немногие помнят и знают, где эти места находятся. Некоторые ещё на слуху, сохранились и в моей памяти.
Картотека редактировалась Бусел Людмилой Фёдоровной.
Картатэка тапанімікі наваколляў в. Дуброва
“Знікшыя, але не забытыя”
Асінава даліна – так звалася поле на паўднёвы захад ад в. Дуброва у кірунку в. Пружынішчы. Цяпер поле засаджана
лесам. Назва відаць паходзіць ад прыродных асаблівасцяў гэтай мясціны. Магчыма,
што раней там рос асінавы лес, і, раскарчаваўшы яго, надалі полю такую назву.
Асінаўка – лес на захад ад в. Прытыка. Назва, пэўна паходзіць
ад дамінуючай ў той мясціне расліны.
Ацяты – лес, што ў кірунку да в. Віша.
Балоцца – сенажаць на поўдзень ад в. Дуброва. Даўней там
было невялікае балота. Мяркуецца, што ад памераў, плошчы балота ўтварылася і
адпаведная назва.
Брышта (брышча- топкае месца, балота) – поле, ваколіца на захад ад в. Прытыка (цяпер назваю не карыстаюцца).
Бугаў – хутар, 2 двары, на якім
жыў Дайнека Савелій, выселены ў в. Дуброву.
Бугаў – лес і
ўвогуле абшар, што на поўдзень ад в. Дуброва.
Буда (пад Будаю) – поле на паўночна-заходнім кірунку ад в. Дуброва, па
правы бераг безназоўнай рэчкі. Адзінай думкі на паходжанне назвы гэтай мясціны
няма. Але абодва варыянты паходзяць ад адной асновы. Буда – часовая пабудова як
для жытла, так і для гаспадарчых мэт. Па- першаму варыянту – гэта млын. Што
стаяў на рачулцы. Магчыма тыя пабудовы былі каля яго. Па-другому – гэта нейкая
сукнавальня, што знаходзілася там.
Бунькаў –
поле, за Зарэччам, управа.
Буслы- частка паселішча в. Дуброва, звязаная з прозвішчамі жыхароў.
Бяльчо (Вяльчо)- пасёлак ў Мікалаеўскім
сельскім Савеце, існаваў да 1939г.
Бяльчо – лясны
масіў, што на ўсходнім кірунку ад в. Дуброва.
Бярозаўка –лес на захад ад в.
Марцінаўка. Назва паходзіць ад дамінуючай там расліны- бярозы.
Вал - поле ў бок Марцінаўкі, Прытыкі. На Валу.
Віты брод – поле. Што цягнецца па
левы бераг р. Іпа у паўднёва-усходнім кірунку ад в. Зарэчча. Назва звязана з асаблівасцю
формы поля, яно паўтарала згібы ракі. Дуброва.
Возера – сенакос, нізіннае месца ля в. Прытыка.
Воўчы лясок – так зваўся раней лес, што на левабярэжным грудку р. Іпа у
паўночна-усходнім кірунку ад в. Дуброва. Зараз гэта пясчаны ўзгорак (сенажаць)
між тарфянікаў. Падобна на тое, што назва
звязана з якойсці канкрэтнай падзеяй. Магчыма нехта з жыхароў вёскі
знайшоў там воўчы вывадак, ці там жылі ваўкі.Цяпер назваю не карыстаюцца.
Вубяддзе –
балота, што на поўдзень ад в. Дуброва на правы бок шашы ў Азарыцкім кірунку
(перад Бугавым). Цяпер балота асушана і назва не ўжываецца.
Вялікае Вельчо – хутар, 13 двароў, жыхары: Шчэрбін Кузьма і Ігнат, Бусел Фёдар,Запатылак
Арсень, Тукач Сяргей, Шуст Саўка, Шуст Іван, Шуст Аляксей, Мікалай, Пятро,
Сцяпан. Сселены ў в. Зарэчча.
Вялікі Луг – поле у бок
в. Церабуліны.
Вяльчо – хутар, зараз лясны масіў, што на
ўсходнім кірунку ад в. Дуброва. Назва, хутчэй ўсяго, паходзіць ад асаблівасцей
гэтага лесу. Відаць раней там было зашмат сухіх хваін, а паколькі “велька” –
сухая хваіна, адсюль –вяльчо.
Глінішчы – поле на захад ад в. Дуброва. Сваю назву мясціна хутчэй за ўсё атрымала
таму, што на яго ўскрайку яшчэ да нядаўняга часу капалі гліну.
Гоманаў лясок – так звалі раней лес, што на пагорку у
паўночным кірунку ад в. Дуброва. Зараз гэта ўжо сенажаць і назваю не
карыстаюцца.
Грынаўка – хутар, 1 двор, жыў Бусел Мікіта Ермолаў. Распрацаваў зямлю, выкупленую ў дзяржавы. Паставіў хату, гаспадарчыя пабудовы. Было 5 дзяцей. Сселены ў Дуброву; лес , што на поўдзень ад в. Дуброва (даўней было поле) па правы
бок шашы Парычы –Азарычы. Магчыма, назва паходзіць ад асновы «грынь» – лішай,
парша. Мо і лес, і наогул усё месца было гнілое. Дуброва.
Гумнішча –хутар, 2 двары, адзін з жыхароў Бусел Пятро,
сселены ў в. Дуброву.
Дайнекі- частка в. Дуброва. Назва
звязана з прозвішчам мясцовых жыхароў.
Дуба – ж., рэчка , у Інвентары Бабруйскага староства за
1639 год запісана: «Сяло Сякерычы… маюць рыбныя ловы на рэчцы Дуба адным
берагам з самага верху да мяжы сяла Дуброва», з часам рэчка высахла і на ўсход
ад вёскі Пятровічы ёсць урочышча Дуба. Сёння гэта сенажаць.
Дуброва – вёска ў Палескім (з 2009-га - Мікалаеўскім) сельсавеце;
Ельнічкі – поле на
ўскрайку лесу ў заходнім кірунку ад в. Дуброва па правы бок дарогі на
Гарохавічы (Акцябрскі раён). Назву мясціна атрымала ад прыродных асаблівасцей.
Відаць, раней там рос ельнік. Раней быў хутар,
жыхары: Захар’я Ульяна, Мікіта Паўлаў.
Журавова шыя – лес, што ў
паўночным кірунку ад Дубровы (раней гэта была сенажаць). Канкрэтнага тлумачэння
назвы мясціны няма. Магчыма, яна пайшла ад формы паляны: «доўгая, як журавова
шыя».
Жыгулоўскія
палянкі – паляны за Зарэччам.
Жыдаўшчына – поле на поўнач
ад в. Дуброва (адразу за вёскай).
Жэралец – лугавіна на
поўнач ад в.Прытыка. Назва, хутчэй за ўсе, паходзіць ад старажытнаславянскага слова
«жэрал», што значыць «крыніца». Мясціна, дзе бруілася крыніца. Там і зараз
нізіна, дзе пракапана канава. Дуброва.
Зялёнае - балота на пайднёвы-захад ад Дубровы, лес, поле, балота, вадаём, дзе ёсць рыба, многа дзікіх водаплаваючых птушак.
Замлынне – ранейшая назва вёскі Прытыка, пераіменавана ў 1925 г.; хутар, да 1939 г.
існаваў у Мікалаеўскім с/с, сселены ў в. Вяжны.
Занцаў Груд – сенажаць (пясчаны пагорак) на месцы колішняга лесу, што
на ўсход ад в.Дуброва на левым беразе ракі Іпа. Назва, відаць, пайшла ад уласнага імя “Зан”, “Занко” (падобнае
прозвішча сустракаецца ў суседніх з Дубровай весках.
Зарэчча – вёска ў Палескім сельсавеце, з 2009 г. ў Мікалаеўскім. Заснавана пераселенцамі з в. Дуброва.
Зарэцкі хвойнік — хвойнік, хваёвы лес каля вёскі
Зарэчча
Іпа – рака, левы прыток Прыпяці.
Кабыльшчына – веска, пераіменавана ў 1939 г. у
вёску Палессе.
Кадаўбы – урочышча,
поле вакол яміны з вадой.
Кадаўбы – лес на поўнач ад вескі Палессе, на
левы бок шашы Парычы – Азарычы. Частка лесу з дуплістымі дрэвамі, з якіх
выраблялі розныя ёмкасці (дуплянкі, кадкі, кадаўбы) для захоўвання розных
рэчаў. Адсюль і пайшла назва мясціны. Быў раней хутар , жыў Даніла (Шамара),
перасяліўся ў Стужкі
Кадаш – веска, у 1925 г. пераіменавана ў в.
Мікалаеўка. Кадаш – ад слова кадка, дзяжа. Калісьці ў гэтай весцы была
смалакурня па выпрацоўцы смалы і дзёгцю, якія і залівалі ў кадкі, кадашы.
Калінава Гара – лес ля вескі Дуброва, знаходзіўся паўз шлях
за вёскай у бок Палесся, у час будаўніцтва дарогі быў выкарчаваны. Дуброва.
Калінаўшчына – поле на захад ад в.Зарэчча на ўзвышшы, што адразу
перад агародамі, калі ісці з вёскі Дуброва. Назва, хутчэй за ўсе, ад
першапачатковых прыкмет мясціны. Тут, магчыма, раней расло шмат каліны. Пазней
яе выкарчавалі, а назва засталася.
Карміч
Лаза – поле
на поўнач ад в. Церабуліны. Магчыма, назва ад слова «карміць», гэта значыць –
месца багатае на траву, ці што іншае
Карпілаўка – частка вескі Дуброва, звязаная з прозвішчам
жыхароў.
Кіслы Мох – балаціна сярод лесу на поўдзень ад в.Дуброва.
Назва характарызуе якасці гэтага месца. Як кажуць мясцовыя жыхары, глеба там
нічога не вартая.
Красны Барок – поле на захад ад в. Марцінаўка, за в. Прытыка. Назва
паходзіць ад своеасаблівага параўнання «красны» інакш «прыгожы», урадлівы,
пажаданы куток. Дуброва.
Кружок - поле на поўнач ад
в.Палессе па правы бок шашы Парычы – Азарычы. Назву мясціна атрымала па
асаблівасцях формы.
Крушнікі – лес, што на поўдзень ад в.Дуброва ў кірунку в.Віша. Назва, відаць,
паходзіць ад дамінуючай у лесе расліны – крушына.
Лясок – поле на поўдні в.Дуброва па правы бок ад шашы
Парычы – Азарычы. Магчыма, раней паблізу гэтага поля быў невялікі лясок, пазней
яго высеклі, а назва засталася.
Малое Вельчо – хутар выселены ў Дуброву,
было 2 двары Сушкова Фёдара і Конанава Васіля.
Мартынаўка –
вёска ў Палескім сельсавеце, з 2009 г. ў Мікалаеўскім
Масцішча – хутар, сселены ў в.Дуброва, жыў Бусел Кірэй; лес і поле на поўдзень ад
в.Дуброва; У Дуброве жыў Іван Масціцкі (Бусел Іввн )
Міхайлаўка – вёска ў Мікалаеўскім сельсавеце (да 1921 г. насіла
назву Полашаў).
Муліцішча
– балота,
зараз асушана, на поўнач ад в. Прытыка па правы бераг ракі Іпа. Дуброва
Муляцін -
поле, што на захад ад в. Марцінаўка. Дуброва.
Новіны
– лес, што ў паўднева-
заходнім кірунку ад в.Дуброва.
Пад’ельніцкі
– хутар, сселены ў
Дуброву, жыў там Тукач Аляксей.
Паддубок
– поле, што на поўдзень
ад в.Дуброва па правы бок шашы Парычы – Азарычы. Найбольш верагодна, што назва
мясціны звязана з яе асаблівасцямі: магчыма, там некалі стаяў дуб (дуб –
волат), што і дало такую назву.
Папкоў
Ражок, Папоў луг, Папова поле – поле, што на паўдневы
захад ад в.Дуброва. Назва поля звязана з прозвішчам уласніка. Даўней гэтае поле
належала царкве.
Паштовы Шлях – дарога, з даўніх часоў паблізу Шацілак праходзіў шлях, які веў з Якімавай
Слабады (там размяшчалася паштовая станцыя) на Мазыр. Па гэтай дарозе вазілі
пошту з Мазыра да Якімавай Слабады, далей па Гомельскаму тракту – у Гомель.
Адсюль і назва шляху. Па пошту доўгі час дуброўцы хадзілі ў Чэрнін.
Піліпаў
Поплаў – лужок, за мастом на левым баку ракі
Іпа за Жыдаўшчынай.
Пятровічы – вёска ў Мікалаеўскім сельсавеце (да 1925 г. насіла назву Сіняўка).
Рабінаў Курган – поле ў заходнім кірунку ад в. Дуброва. Зараз у складзе так званага “Вялікага
лугу”.
Саланец – поле, што на поўдзень ад в.Зарэчча. Па вясковых
паданнях назва звязана з соллю. Калісь па рацэ Іпе хадзілі баржы, і адна з іх,
загружаная соллю, затанула. Дуброва.
Свішчук – балота, што на паўдневы ўсход ад в.Дуброва, зараз
асушанае. «Свішч», магчыма, тое ж, што «свіль», «цвіль», г.зн. зарастаючае
возера, пакрытае расліннасцю. Па іншаму – цвілое балота. Дуброва.
Селішча – хутар, 2 двары, сселены ў в. Дуброва, жылі Дайнека
Ігнат, Дайнека Васіль.
Сецішча – хутар, зараз поле ў паўднева- усходнім кірунку ад в. Дуброва, па левы бок дарогі на Палессе.. Жыў Дайнека, сын Антон перасяліўся ў Дуброву. Назва,
магчыма, зрадні балцкаму, г. зн. “аселасць”. Месца, дзе здаўна нехта сяліўся.
Сецішчы – паселак, да 1939 г. існаваў у Мікалаеўскім с/ Савеце.
Сухі Лясок – балота, што ў паўднева- усходнім кірунку ад
в.Дуброва. Цяпер асушана. Балота, відаць, было верхавое, на якім дрэўцы
засохлі. Адсюль і назва. Дуброва.
Сьвішчук – дрыгвяністае балота. Зарэчча.
Таргі – поле. Дуброва
Таўсты Сьнет – лес у паўдневым
кірунку ад в.Дуброва, прыкладна паміж Масцішчамі і Грынаўкаю. Назва, хутчэй за
ўсе, паходзіць з бортніцкай лексікі. “Сьнет” – таўсты дубовы (ці які іншы)
аполак, мацуемы пад борць. Кажуць, што былі вельмі тоўстыя дрэвы.
Ускоравень – лес, даўней было поле ў паўднева –
заходнім кірунку ад в.Дуброва бліжэй пад Гарохавічы (Акцябрскі раен).
Фірсаўка – хутар, існаваў у Палесскім с/ Савеце.
Хутар
– поле перад Калінавай Гарой на
поўдзень ад Дубровы
Церабуліны – весачка на 8 двароў у заходнім кірунку ад
в.Дуброва. Кажуць, назва звязана з церабеннем, высечкай лясоў. Магчыма, першы
пасяленец выцерабіў паляну і пасяліўся там.
Шыбенка – лес і сенажаць, што ў паўднева – усходнім кірунку ад
в.Дуброва. Магчыма, есць два варыянты тлумачэння: 1) ад асновы “шыбаваць”, што
значыць “далёка”, “далёкае месца”; 2) “шыбеніца”, “шыгайла”, “павеса” (
магчымае месца нейкай казні, пакарання каго – небудзь, забойстваў).
Язвін – вёска ў Палескім сельсавеце.
картатэку склаў у 1992 годзе Мазур Аляксандр Иванович.
картатэку склаў у 1992 годзе Мазур Аляксандр Иванович.
Пазней яе рэдактавала бібліятэкар Бусел Людміла Фёдараўна.
аг. Дуброва, Светлагорскі раён, Гомельская вобласць, Беларусь.
некаторыя назвы ўжо, нажаль, не выкарыстоўваюцца.. але яшчэ шмат урочышчаў сталыя людзі менавіта так і завуць
ОтветитьУдалить