#дата
Буслу Я.С. - 90
Жыццё часта бывае несправядлівым. Як
пісаў Францішак Багушэвіч “Бог
няроўна дзеліць”. Камусці жывецца адносна лёгка, а іншаму выпадае шмат цяжкіх выпрабаванняў.
Да другой катэгорыі можна аднесьці нашага земляка-юбіляра 2026 года.
![]() |
| Бусел Яўген Сямёнавіч (1936-2018 гг) |
Бусел Яўген Сямёнавіч нарадзіўся 14 лютага 1936 года ў в. Міхайлаўка,
што побач з Дубровай. Бацька яго быў родам з вёскі Зарэчча, сам хлопчыкам троху хадзіў у школу ў Дуброву. Таму, як казаў: “Лічу сябе вашым земляком”. Імя знакамітага земляка занатавана на старонках
Беларускай і іншых энцыклапедый і
слоўнікаў па мастацтву.
Член Саюза мастакоў СССР і Беларусі,
заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Расказвае Яўген Сямёнавіч: “Дзяцінства маё прыпала на ваеннае ліхалецце.
Пасля таго, як немцы забілі майго дзядзьку за сувязь з партызанамі, над усёй
раднёй навісла пагроза расправы з боку немцаў.
У адну з начэй тры
сям’і па дамоўленнасці з партызанамі пераехалі ў партызанскі атрад, дзе бацька
і ваяваў. Дарэчы, гэты наш атрад перабіў язмінскіх (в. Язвін) паліцаяў але,
нажаль, і бацька загінуў ад фашыстскай кулі. Пахаваны ён недзе у палескіх
лясах, і мая пакойная маці ўжо пасля вайны не змагла знайсці яго магілу. Калі
вызвалілі нашу вёску, мы прыехалі на сваё папялішча”...
Жыццё стала наладжвацца. У Міхайлаўцы
была адкрыта пачатковая школа, якую
паспеў да трагедыі скончыць Яўген. Далей трэба было хадзіць у Дуброву. Пад час канікулаў ён і
некалькі яго сяброў падарваліся гранатай. Пасля вайны такія выпадкі былі не
рэдкасць. На жаль, хлапчуку, якому лёсам наканавана было стаць мастаком, у
якога быў талент да малявання, дасталося больш за ўсіх - ён застаўся без абедзьвюх рук. Разумеючы, што
з такім калецтвам у вёсцы яму будзе цяжка, маці ўладкавала сына ў дзіцячы дом у
Рэчыцы. Ў няпоўных дванадцаць гадоў
будучы мастак быў вымушаны пайсці з дому.
У 1964 годзе прафесійныя малюнкі Яўгена Бусла з’явіліся ў
сатырычным часопісе “Вожык”. З таго часу больш як на доўгія тры дзесяткі гадоў лёс
цесна звязаў мастака з гэтым часопісам. Ён стаў адным з актыўных яго аўтараў,
з’яўляючыся адначасова і членам рэдкалегіі.
Значны след пакінуў мастак у
“Агітплакаце”. Яго яркія, запамінальныя карыкатурныя плакаты не згубілі
актуальнасці і сёння. П’янства, хабарніства, бюракратызм, гультайства, праблемы
экалогіі, маралі, этыкі – тэмы вечныя.
Таленавітаму мастаку блізкія па духу беларускі фальклор, народны лубок,
прывабліваюць тэмы жанчыны і сям’і. Усё гэта ён адлюстроўвае ў сваёй
разнастайнай творчасці. Прыказкі і прымаўкі, якія мастак адлюстраваў пзндзелем:
Ой, ляцелі гусі з сіняга Дунаю… А чаму ты не прышоў, калі месяц узышоў?...
Цвіла ружа ў агародзе… Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра… Маладзіцы, як
брусніцы.. Быў час — калі дзеўкі любілі нас… Пчолка рада квету, а чалавек —
лету… Лепшая вадзіца з роднай крыніцы… Садок садзіць — жыццё харашыць… А я роду
не такога, каб любіць абы якога… Вясновы дзень год корміць… Увосень у госці
просім… Хто скуль, а мы тутэйшыя… Сядзем у рад — тата будзе рад…. Няма тое
крамы, каб прадаваліся мамы….Татава хата ўсім багата...
Яўген Бусел
удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх
яго працы атрымлівалі высокую ацэнку. Творы мастака знаходзяцца ў фондах музеяў
Беларусі і за мяжой.
Аднойчы прыязжаючы на лета ў родную Міхайлаўку, мастак прывёз чатыры свае
карціны ў падарунак музею гісторыі вёскі Дуброва.
28 красавіка 2018 года Яўген Сямёнавіч пайшоў у лепшы свет.
На малой радзіме памятаюць і ганарацца
таленавітым земляком.
Тэкст Людмілы Бусел, бібліятэкара, блогера, краязнаўцы, пашукавіка.
14.02.2026 г. аг. Дуброва, Светлагорскі, Гомельскай, Беларусь.












