Водгук на кнігу Віктара Праўдзіна “Парыж, Эйфелева вежа і …”
Я бы назвала гэты твор – раман-мара. Як бы самой фантастыкі ў ім і няма,
але наўрад ці ёсць недзе такія гаспадаркі ў Беларусі. Хаця нешта падобнае існуе
ў Снове, нейкія імёны на слуху.
Кніга паступіла ў бібліятэку не так даўно. Чытаць яе пачынала двойчы і
кідала. Злавалася, што нейкі нерэальны сюжэт. Потым пачула, што на Дні
пісьменства-2021 ў г. Капыль аўтар
атрымаў за гэты раман прэмію ў намінацыі “Лепшы твор у прозе”, і вырашыла дачытаць. Кнігі Віктара Праўдзіна
чытала і раней, уражанне было добрае…
Новы раман беларускага пісьменніка Віктара
Праўдзіна з назвай «Парыж, Эйфелева вежа і…» — пра каханне
і здраду, пра бізнесменаў і сельскіх працаўнікоў. А пачынаецца ён з банальнай
гісторыі, як у анекдоце. Галоўны герой сталічны прэдпрымальнік Алесь Гурскі на сваім мерседэсе
вяртаецца з Масквы ў Мінск з камандзіроўкі. З букетам чырвоных руж і дарагім
пярсцёнкам заходзіць у сваю кватэру, а жонка Люся ў гэты дзень яго не чакала... У касцюме Евы яна адпачывае з яго братам- блізнюком Андрэям.
Гісторыя здрады бярэ пачатак яшчэ
сем гадоў таму, калі высвятлілася, што ў Гурскага ёсць родны брат. Браты-блізнюкі гадаваліся ў дзіцячым доме, яшчэ ў радзільным
доме ад іх адказалася маці. Потым хлопчыкаў усынавілі ў розныя сем’і і разлучылі. Яны
не ведалі адзін пра аднаго, але былі як дзве кроплі вады падобныя, але толькі
знешне. Алесь многа вучыўся, многа працаваў, меў сваю фірму і добры дастатак.
Андрэй вучыцца і працаваць не любіў, але любіў жыць на шырокую нагу, махлярыць,
пабываў ў турме… У братоў былі вельмі падобныя густы, нават ў адзенні. І Люся
спадабалася абодвум, а яна выбрала не мужа, які часта адсутнічаў, а яго брата,
які быў заўсёды побач…
Алесь зразумеў, што развод непазбежны... Дзяцей за сем гадоў шлюбу
яны не завелі, Люся не хацела.Таму развялі іх хутка. Фірму падзялілі, маёмасць
таксама… Алесь бярэ водпуск і вырашае на машыне паехаць ў Парыж… Даўно
збіраўся, былой жонцы абяцаў, дарэчы гэта была яе мара… І вось паехаў. Але па
дарозе яго шыкоўны аўтамабіль трапіў ў аварыю. Машыну пашкодзілі калгасныя каровы,
якія пераходзілі дарогу… Адвакатаў ён не
вызваў, баючыся, што фотаздымкі загаджанай нечыстотамі машыны, трапяць у
інтэрнэт, і з яго будуць смяяцца яго знаёмыя, асабліва брат і былая жонка…
Вызваў з Мінску эвакуатар… Але машыну паспелі разабраць на часткі мясцовыя майстры!
Пакуль рамантуюць мерседэс ў калгаснай майстэрні
(гучыць як фантастыка), Алесь Гурскі
знаёміцца з мясцовым кіраўніцтвам, даведываецца пра праблемы з недахопам
тэхнікі, даўгамі за зданную прадукцыю… Бізнесмен прапануе сялянам сумеснае
прадпрыемства…
Нешта адбываецца з ім гарадскім жыхаром - ён раптам адчувае, што хоча жыць
і працаваць у гэтай вёсцы на беразе возера. А тут і ў асабістым жыцці перамены.
Стрэс, які ён атрымаў ад здрады жонкі і разводу з ёй, праходзіць. Алесь
разумее, што закахаўся… Падказка была ў знаках, снах, калі ён быў паміж жыццём
і смерццю. Насця, якая выратавала яго,
не дала патануць у возеры, вызваліла з браканьернай сеткі… Дзяўчына яму сперша не
спадабалася, гэта яна падмяняла дзеда-пастуха, калі здарыўся выпадак на дарозе,
а потым стала мілай і роднай.. Ненавісць перарасла ў каханне. Нездарма кажуць:
ад любві да ненавісці, адзін крок.
Але тут зноў з’яўляецца былая жонка Гурскага са сваімі інтрыгамі… Выкарыстаўшы
падабенства братоў, яна з дапамогай Андрэя, выкрадае Насцю. Як здзек над
былым мужам, загадвае яму адвезці дзяўчыну ў Парыж, але не той, што ва Францыі, а
аграгарадок ў Віцебскай вобласці з такой жа назвай, дзе ёсць свая Эйфелева
вежа, няхай і не трыста метраў вышынёй. Люся шантажыруе былога мужа, каб той
аддаў ёй працэнты ад фірмы…
Суместнае прадпрыемства сталічнага
бізнесмэна і мясцовага калгаса развіваецца паспяхова. Сяльчане,
што раней шукалі заробкі і шчасце ў свеце, пачалі вяртацца дадому, за імі
пацягнуліся людзі з суседніх вёсак і нават гарадоў. Будуецца жыллё, былі
пабудаваны цяпліцы, перапрацоўчыя прадпрыемствы па малаку, мясу, хлебу, экалагічна чыстым прадуктам…
Фінал рамана аптымістычны. Лайдак і прахіндзей Андрэй перамяніўся…ён
робіцца добрым, разумее сваю віну перад братам, просіць прабачэння. Адзін гадуе
дачку, а жонка Люся з’ехала за мяжу. Браты –блізнюкі сустракаюцца ў Парыжы,
нашым беларускім.
У герояў ёсць магчымасць паехаць ў сапраўдны, французскі Парыж, але ім
мілы і дарагі наш, беларускі, з якім звязаны ўспаміны, змяніўшыя іх жыццё…
У рамане шмат прыказак і прымавак, што робіць яго мову больш зразумелай і трапнай…
Хто часнок еў, той смярдзець будзе; Закончым баль, і дудкі ў торбу; Аднаго
Юрку ўпусцілі, дык уся хата заюрылася; Два мядзведзі ў адной бярлозе не
месцяцца; Даўней людзі казалі, што мужыку вусы чэсць, а барада і ў казла ёсць;
Забіў зайца, не забіў, а шуму многа нарабіў; Гуку нарабіў, а блыху не злавіў; Як
п’яны да плоту; Як памерламу балалайка; З гутаркі хлеба не паясі; Лішняя чарка
як лішняя палка; Анёлам прыляцеў, ды чортам сеў; Зямля – талерка, што
пакладзеш, тое і возьмеш; Любоў – не пажар, загарыцца – не патушыш; Гняздо і
вяраб’я ёсць; Пабег, як агню пазычыць;
Калі здаецца, хрысціцца трэба; Адным колам дроту не падапрэш; Сліны не
падымеш, а слова не вернеш; Няма гаду без яду; Працуюць, як мокрае гарыць;
Прымус у рабоце, горш, чым у ядзе…
Наогул, чытаць можна.У кнізе ёсць і інтрыга, і актуальнасць.
Гэты і іншыя раманы Віктара Праўдзіна ёсць у нашай бібліятэцы.
Кнігу прачытала і вам расказала бібліятэкар Л,Ф. Бусел., 08.10.2021.
Комментариев нет:
Отправить комментарий