Шчыра вітаю ўсіх, хто чытае гэты пост. Штуршком да яго напісання сталі некалькі фотаздымкаў у музеі гісторыі вёска Дуброва.
Вёсцы Дуброва Светлагорскага (да 1961 г. Парыцкага) раёна больш за чатыры вякі.
Завуць мяне Людміла Фёдараўна Бусел. Дарэчы, Бусел –
прозвішча карэнных жыхароў нашай вёскі. 39 гадоў я працую ў Дуброўскай сельскай
бібліятэцы. Адным з накірункаў работы бібліятэкі з’яўляецца краязнаўства. Усе
бібліятэкары, у тым ліку і я, вядуць летапісы населеных пунктаў. Пад час працы мною было сабрана нямала аўтэнтычнага фальклору. Гэта -
прыказкі і прымаўкі, песьні, абрады, дыялэкты, тапонімы…
Час не стаіць на месцы, многія з тых, ад каго я запісвала гэты матэрыял, пайшлі ў іншы свет. Але складзены картатэкі, заведзены папкі, альбомы, выдадзены буклеты і брашуры.
11 (адзінадцаць) гадоў бібліятэка мае свой блог у Інтэрнэце “BYK-va!”, дзе і размешчаны
гэты ўнікальны матэрыял. Ім карыстаюцца
вучні і настаўнікі, студэнты, краязнаўцы.
Бусел Сцяпаніда Яўфімаўна (1919 - 2009 гг) |
Ад яе я калісьці, у 1997 годзе пачула слова “каснік”. Што жа такое каснік?
Касні´к — вянок з каляровых
стужак на галаве нявесты. Ал слова косы, валасы. Закасяне – тыя, хто ішоў за касой, за нявестай. Дружына. Хлопцы,
дзяўчаты, сябры і сяброўкі нявесты і жаніха.
У 2005 годзе бабуля
Сцёпа расказала мне такую гісторыю.
Была гэта вельмі даўно. Сястра бабушкі Сцёпы (тады яны ўсе былі маладыя)
выходзіла замуж "за раку", за (Бярэзіну).
Калі вясельная
дружына (закасяне) пераплывала ў Парычах на пароме Беразіну каснік
нявесты парывам ветру скінула ў ваду. Усе зіхнулі: “Ах, ох!!!” Прыкмета такая,
калі нявеста згубіць каснік, жыць дрэнна будуць. Ды і как прыйсці ў хату жаніха з непакрытай галавой? Але,
нешта прыдумалі тады. А жылі маладыя добра і доўга.
Запісана бібліятэкарам Бусел Людмілай Фёдараўнай 07.03.2007 года
ад Бусел Сцепаніды
Яўфімаўны, 1919 г.н. жыхаркі вёскі Дуброва Светлагорскага раёна.
Раней жа як было, калі ехалі, ці ішлі ў сваты, наперадзе неслі “елку” – зялёную хвою, упрыгожаную разнакаляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі. Елка была воткнута ў бохан хлеба.
![]() |
у сваты з "елкай" |
![]() |
едуць за маладой |
![]() |
в.Дуброва, 1960 г., вяселле |
![]() |
Бусел Іван Клімавіч, 1935 г.н., музыкант, Бусел Вольга Мікалаеўна, 1940 г.н. |
Сярод гурта моладзі, сяброў маладога (закасян) былі і старэйшыя, якія таргаваліся з дружынай маладой.
Калі прыходзілі ва двор нявесты спявалі:
Закасяне ў двор едуць,
А куркі пад печ бягуць.
Не пужайцеся, куркі,
Мы вас не чапаем.
У вас нявеста ёсць,
Яе выкупаем.
Сяброўкі
маладой імкнуліся зламіць шчычок елкі, каб таксама пайсці замуж. Дружкі
маладога баранілі, не давалі гэтага зрабіць.
Не заўсёды раней ішлі па каханні. Бывала, што бацька
выбіраў жаніха для своёй дачкі, і яна ўпершыні яго бачыла, калі прыходзіў
сватацца.
Не заўсёды
добра жылося маладой у сям’і мужа, на чужой старане, а не ў бацькоўскай хаце,
таму шмат песен атрымліваліся сумныя.
Некаторыя з іх спявалі на вяселлях, устаўляючы імя
маладой у тэкст песень.
Беглі, беглі конікі ўсё лужком,
А за імі Анютка беражком.
А куды вы, конікі, бяжыце?
Ды каму вы разлуку даеце?
Даем разлуку мы
табе,
Разлучылі цябе з маткаю,
Ды прылучылі к чужой старане.
***
Бягуць, ірзуць вараныя коні да вады.
Шумяць, гудуць шаўковыя павады.
А як пачула маладая Марыйка ў каморы,
Дый ўпала свайму бацьку ў ногі,
Не аддай, не аддай, родны бацюхна, за яго,
Не злюбіла маладая я яго.
***
Ля новага калодзезя
Анютка ваду брала
Ды ў свой бок паглядала.
Набрала два вядзерцы,
Паставіла на калодзезі.
Прыляцелі два галубчыкі,
Сталі тую ваду піці,
Крылейкам аб лёд біці.
Галубчыкі мае сівыя,
Паляціце ў маю старану,
Накажыце майму бацюхну.
Ці я тут запрададзена?
Ці дарам аддадзена?
Калі я запрададзена,
Няхай едуць адкупаюць.
Калі дарам аддадзена,
Няхай едуць адвядаюць.
***
Гула пчолка /2 разы
Гудучы паляцела.
Аддай мяне мой бацюхна,
За каго я не хацела.
З кім любілася ды кахалася,
З тым расталася.
А з каго кпіла, смяялася,
За таго папалася.
***
Поле мае поле, поле шырокае,
Гора мае гора, гора вялікае.
Аддаў мяне татка замуж маладую.
Ды даў мне божа долячку ліхую.
Ды было ў мяне сілы за каня варанога,
Ды была ў мяне каса руса да самага пояса.
Вырваў мілы косу ўсю па воласу,
А цяпер я не стою дзіцяці малога..
25.11.2024 г. краязнаўца, бібліятэкар Бусел Людміла Фёдараўна
аг. Дуброва, Светлагорскі, Гомельская, Беларусь
Комментариев нет:
Отправить комментарий