#дата
30 студзеня 2026 года - значная дата ў літаратурным і культурным жыцці Беларусі - 105 год споўнілася беларускаму народнаму пісьменніку Івану Пятровічу Шамякіну.
Гэта нагода перачытаць яго творы, прыгадаць факты біяграфіі.
Шамякін Іван Пятровіч, нарадзіўся 30.01.1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў
Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў (1940). У 1940-1945 гг. у Савецкай
Арміі - камандзір гарматы, затым камсорг дывізіёна. Удзельнічаў у баях пад
Мурманскам, у вызваленні Польшчы, у баях на Одэры.
У 1945-1948
гг. настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна.
З 1946 г.
вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Скончыў
Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1950). Працаваў старшым рэдактарам
Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, галоўным рэдактарам альманаха «Советская
Отчизна».
З 1954 г. -
намеснік старшыні, з 1966 г. - сакратар, з 1968 г. - другі сакратар, з 1971 г.
- першы намеснік старшыні, у 1976-1980 гг. - першы сакратар праўлення СП БССР.
З 1980 г. -
галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
У 1963 г. як
сябра дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1963-1985) і СССР (1980-1989). Старшыня
Вярхоўнага Савета БССР (1971-1985). Член-карэспандэнт АН БССР. Сябра СП СССР з
1947 г.
Герой
Сацыялістычнай Працы (1981). Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі
Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II
ступені, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.
Народны
пісьменнік БССР (1972).
У час Вялікай Айчыннай вайны выступаў
у армейскай газеце «Часовой Севера» з нарысамі і вершамі. У 1945 г. надрукаваў
аповесць «Помета» (часопіс «Полымя»). Аўтар раманаў «Глыбокая плынь» (1949,
інсцэніраваны ў 1956), «У добры час» (1953), «Крыніцы» (1957, інсцэніраваны ў
1961), «Сэрца на далоні» (1964, інсцэніраваны ў 1965), «Снежныя зімы» (1970),
«Атланты і карыятыды» (1974, аднайменны відэафільм Беларускага тэлебачання,
1980), «Вазьму твой боль» (1979, экранізаваны ў 1981), «Петраград - Брэст»
(1983), «Зеніт» (1987). Цыкл з пяці аповесцей («Непаўторная вясна», 1957;
«Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965)
аб'яднаны ў пенталогію «Трывожнае шчасце» (1960, 1973, 1982). Выйшлі кнігі
апавяданняў і аповесцей: «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951),
«Апавяданні» (1952), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), «Вячэрні
сеанс» (1968), «Лес майго земляка» (1970), «Бацька і дзеці» (1971), «Сцягі над
штыкамі» (1976), «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч» (1976, пастаўлены кінафільмы
адпаведна ў 1978 і 1980), «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (1985), «У роднай сям'і»
(1986), «Драма» (аповесці, гістарычныя сцэны, 1990), а таксама кніжка
апавяданняў для дзяцей «У Маскву» (1950). У 1965-1966 гг. выйшаў Збор твораў у
5-ці, ў 1977-1979 гг. - у 6 тамах, у 2007 – у 8 –мі тамах.
Напісаў
п'есы «Не верце цішыні» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), «Выгнанне блудніцы»
(апублікавана і пастаўлена ў 1961, асобнае выданне ў 1962), «Дзеці аднаго дома»
(апублікавана і пастаўлена ў 1967), «Экзамен на восень» (1973, пастаўлена ў
1974), «Баталія на лузе» (1975), «І змоўклі птушкі» (1977, пастаўлена ў 1977),
Залаты медаль» (1979, пастаўлена ў 1980). Аўтар сцэнарыя 4-серыйнага
тэлеспектакля «Трывожнае шчасце» (з А.Гутковічам, пастаўлены ў 1968),
кінасцэнарыяў «Крыніцы» (з Ю.Шчарбаковым, пастаўлены ў 1964), «Хлеб пахне
порахам» (пастаўлены ў 1974), «Атланты і карыятыды» (пастаўлены ў 1978). У 1974
г. выйшаў зборнік кінааповесцей і п'ес «Экзамен на восень».
Аўтар кніг
публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў «Размова з чытачом» (1973),
«Карэнні і галіны» (1986).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за раман «Глыбокая плынь»,
Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959) за раман «Крыніцы», Дзяржаўнай
прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Сэрца на далоні» і кнігу
«Трывожнае шчасце», Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978) за
кнігу «Гандлярка і паэт. Шлюбная ноч», Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне
тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) за кінафільм
«Вазьму твой боль».
Памёр 14.10.2004 г. Пахаваны ў г.
Мінск.
Маральна-этычная праблематыка ў рамане Івана Шамякіна
«Сэрца на далоні».
Людзі — гэта самая каштоўнае, застануцца
людзі — гісторыя не спыніцца і не пойдзе назад.
Будуць жыць людзі — будзе жыць краіна і тая
ўлада, якой народ даражыць.
(1. Шамякін)
У мастацкім даследаванні сучаснага (а яно віруе ў творчасці I. Шамякіна!) на
ўзроўні геданістычнага роўнага яму ў нашай літаратуры няма. Усе яго шматлікія
раманы і аповесці (а па прадукцыйнасці і хуткасці рэагавання на ўсе значныя
падзеі і змены ў нашым жыцці з ім таксама нікому не параўнацца) надзвычай
цікавыя. Чым жа так прывабліваюць, палоняць чытача кнігі I. Шамякіна?
Сам пісьменнік так гаворыць пра сваё
творчае крэда: «Мой метад: я не магу сесці за стол і «будаваць» з усімі «аддзелкамі»
да таго часу, пакуль не маю ў галаве «сюжэтнага каркаса».
Сюжэты яго твораў займальныя, вобразы не толькі пераканаўчыя, але эстэтычныя.
Займальнасць, дынамічнасць і вастрыня сюжэтаў дасягаецца тым, што пісьменнік
праводзіць сваіх герояў праз усе тыя выпрабаванні, якімі штодзённа
выпрабоўваемся ўсе мы:
працай,
адносінамі да справы, якой служым, бытам, каханнем, сям'ёй, сяброўствам,
выбарам, сумленнем.
Герой рамана «Сэрца на далоні» Славік Шыковіч, ашаломлены тымі праблемамі, якія
абрынуліся на яго сям'ю, на яго самога ў першую чаргу, пачуццямі і жарсцямі,
што закіпелі ў ім і побач з ім, абураецца «боханам» і «старым канём» (ён так
«пяшчотна» называе свайго бацьку-пісьменніка): «Усё пераблыталася! Сам чорт
нагу зломіць. А «стары конь» скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у
нейкія архівы і нічога вакол сябе не бачыць. А тут такія трыкутнічкі будуюцца!
Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш, каб цябе чыталі».
Менавіта «пра любоў» (таму і чытаюць!) піша I. Шамякін: пра любоў да справы, да
жанчыны, да дзяцей, да бацькоў, да людзей...
Апісваючы канкрэтны перыяд у жыцці нашага народа («шэсць гадоў пасля XX з'езда
партыі», на якім быў асуджаны культ асобы Сталіна), пісьменнік ставіць у рамане
найважнейшыя філасофскія праблемы: адказнасці чалавека за сябе і свае ўчынкі;
удзячнасці і чалавечнасці; служэння людзям і вернасці сваёй сям'і, сяброўству;
праблему бацькоў і дзяцей; праблему выхавання дзяцей і адказнасці за будучыню
нацыі —моладзь...
Пісьменніцкае светаўспрыманне, канцэпцыя і пазіцыя рэалізуюцца ў рамане найперш
праз станоўчыя вобразы інтэлігентаў доктара Яраша і пісьменніка-журналіста Шыковіча.
Трэба зазначыць, што героямі кніг Шамякіна з'яўляюцца людзі самых розных
прафесій, але канцэптуальнымі вобразамі з'яўляюцца пераважна вобразы
інтэлігентаў: настаўнік Лемяшэвіч («Крыніцы»), настаўніца Міхаліна («Ах,
Міхаліна, Міхаліна...»), Пятро Шапятовіч і Сеня Пясоцкі з пенталогіі «Трывожнае
шчасце», архітэктар Карнач («Атланты і карыятыды») і інш.
Адзін з лірычных герояў паэзіі М. Танка сцвярджае, што самае складанае для чалавека
— «прайсці праз вернасць». Інтэлігент Яраш прайшоў праз вернасць сваёй справе і
дасягнуў ў ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваіх далонях
сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву твору, — метафарычны. У прамым
сэнсе трымаць сэрцы на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак
сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чуйнага і чулага до болю, трывог у
сэрцы іншых людзей. Трэба толькі зразумець боль другога чалавека і паспець
дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць не яго ў тым віна) выратаваць двух
хлопчыкаў, якія падарваліся на міне.
Яраш прайшоў праз вернасць людзям, якія выратавалі яму жыццё, рызыкуючы сваім,
і аддзякаваў усім, чым толькі мог: і ўратаваў ад магчымай блізкай смерці Зосю
Савіч, і зрабіў усё, каб забяспечыць ёй годнае жыццё, вярнуўшы тое, што
належала ёй па праву. У яе як «ворага» народа і дачкі «ворага» народа забралі
ўсё: здароўе, добрае імя, дом. Яраш з Шыковічам вярнулі ёй усё, зрабілі ўсё,
што ад іх залежала. Так і павінна быць! Але, на жаль, так не заўсёды і ўсюды
бывае.
Рэтраспекцыямі і вобразам Гукана пісьменнік дасягае не толыкі рэалізму і
глыбокага псіхалагізму ў адлюстраванні рэчаіснасці, але і ўзводзіць свайго
галоўнага героя на той высокі эстэтычны п'едэстал, што чытача палоніць духоўнае
багацце і высакароднасць доктара Яраша. Кантрастны гэтаму вобразу вобраз Гукана
выклікае агіду і абурэнне: ён не толькі не аддзякаваў добрым людзям, як тое
абяцаў («Мы яшчэ сустрэнемся», — сказаў ён на развітанне Зосі
Савіч), але «аддзячыў» чорнай няўдзячнасцю: ужо пасля вайны, будучы сакратаром
райкома партыі, напісаў не проста данос, а ўзвёў паклёп на свайго збавіцеля,
тым самым вырашыў лёс Зосі: вярнуўшыся з фашысцкіх канцлагераў, яна зазнала
пекла і гулагаўскіх. Дзікунскі, жудасны ўчынак. «Такога не можа быць!» —
усклікне чытач, уражаны подласцю Гукана. Але, на жаль, і такое можа быць, і
гэта ўжо не прыём гіпербалізаванага паказу зла, а праўда жыцця. Настойлівы і
паслядоўны пісьменнік у сцвярджэнні думкі, што кар'ерызм — невымернае зло. Дзеля
дасягнення сваіх кар'ерысцкіх намераў гуканы-кідалы (Кідала —герой пен-талогіі
«Трывожнае шчасце») не спыняюцца ні перад чым. Асабліва небяспечная гэта з'ява
ва ўмовах таталітарнага рэжыму, бо сам рэжым спрыяе таму, што свінтусы становяцца
грандыёзусамі, небяспечнымі для грамадства і сумленных людзей.
Праз дыялог Гукана з Тарасавым, сакратаром райкома партыі, пісьменнік сцвярджае
ісціну, што здольны перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага
толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем і з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не
мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго—кары. страты пасады, да якой ішлі,
пераступаючы праз усё і ўсіх. Усе намаганні Тарасава абудзіць у Гукане
сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца—марныя. Гукан здольны
толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Гэты дыялог, выпісаны ў сцэнарным
жанры (у дыялогу няма ніводнай аўтарскай рэплікі, бо мова персанажаў
вычарпальна іх характарызуе),—знакавы, канцэптуальны для твора, у якім
аддюстраваны працэсы рэабілітацыі ахвяр сталінскага і бальшавіцкага генацыду.
За самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства не пакаяўся да гэтага часу
яшчэ ніхто: ні канктрэтныя гістарычныя асобы, што кіравалі жудаснай машынай
таталітарызму ці забяспечвалі яе шалёны бег, ні нават шамякінскі літаратурны
персанаж. I ў гэтым Шамякін-творца не паграшыў супраць праўды. Так і жывём без пакаяння, множачы ўсё новыя
і новыя грахі... Праз вернасць сяброўству, сумленню і прафесійнаму абавязку
правёў пісьменнік і другога свайго героя — журналіста Шыковіча. Асабліва
выдатна вытрымаў гэты герой выпрабаванне сяброўствам. I зноў трэба зазначыць,
што пісьменнік з незвычайнай мастацкай сілай і пераканальнасцю ўмее ўславіць
сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства
Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».
Наша захашленне сяброўствам Яраша і Шыковіча нельга лепш выказаць, як праз
усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося,
назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі.
Назіраючы, пагаджаемся з думкаю пісьменніка і мы: сапраўды, шчырае сяброўства
можа быць паміж тоўстым і тонкім, высокім і нізкарослым, імпульсіўным і стрыманым,
але галоўнае паміж імі павінна быць агульным — сумленнасць. Не толькі прафесійны
«сверб» і жаданне аднавіць парушаную справядлівасць, але і жаданне дапамагчы
свайму сябру Ярашу было матывам нястомнага пошуку і «корпання» Шыковіча ў
архіўных дакументах. Дорага заплацілі Яраш і Шыковіч за свае чалавечныя
памкненні і парыванні. Абодва пазбавіліся дачаў; Шыковіча «выкачалі» ў брудзе,
знайшоўшы ў ім ахілесаву пяту (мярзотнікі заўсёды пацэльваюць у самае балючае);
а ў Яраша ледзь не развалілася сям'я.
сваімі творамі, а раманам «Сэрца на далоні»
з асаблівай мастацкай сілай, I. Шамякін даводзіць, што сям'я — найвялікшы скарб
чалавека і аданачасова падмурак людской супольнасці. Рушыцца сям'я — рушыцца
ўсё ў грамадстве. Добрая сям'я — надзейны тыл і прыстанак чалавека, выток усяго
людскага ў ім. Аднак пісьменнік мудра папярэджвае ўсіх нас, што сям'я, каханне
— адначасова і надзвычай далікатны, тонкі, дарагі крышталь. Трэба быць вельмі
мудрым, асцярожным і дбайным, каб піць з таго крышталю ўсё жыццё.
Назначэнне жаночых вобразаў у рамане
вельмі вялікае. Вобразамі Галіны Адамаўны і Валянціны Андрэеўны пісьменнік
славіць жаноцкасць, пяшчоту, любоў, клопат пра дзяцей, сцвярджае, што ахоўніцай
сямейнага ачага з'яўляецца жанчына.
Лад, згода ці, наадварот, бязладдзе ў сям'і ў многім залежыць ад жанчыны, яе
мудрасці.
Пісьменніцкае захапленне і ўсведамленне, якой павінна быць дзяўчына, увасоблена
ў вобразе «залатой» Машы. Эпітэт «залаты» ў дачыненні да яе валасоў, нават
павек з'яўляецца той дэталлю, што вызначае сутнасць вобраза.
Пісьменніцкая выснова, што хараство
чалавека, асабліва дзяўчыны, вызначаецца ўнутранай, духоўнай «падсветкай», не
новая ў нашай літаратуры. Прыгадаем, што тыя ж урокі дае нам Лабановіч сваім
бачаннем прыгажосці Ядвісі. Аднак нельга не захапляцца і майстэрствам Шамякіна,
з якім ён дае ўрокі, асабліва моладзі, што духоўная прыгажосць дзяўчыны, яе
паводзіны, яе мудрасць у многім вызначаюць паводзіны мужчыны, здольны
паўплываць на яго душу, садзейнічаць яго сталенню.
Як мужчына вызначаецца адносінамі да
жанчыны, так жанчына вызначаецца сваімі паводзінамі, сцвярджае ўсім сваім творам
пісьменнік. 3 яго мудрасцю нельга не пагадзіцца. Жаночая прыгажосць здольна ўплываць на свет і ўдасканальваць яго.
Усе мастацкія вобразы ў рамане, праз якія, як і праз «сюжэтны каркас»,
пісьменнік выяўляе сваё светаўспрыманне, вельмі пераканаўчыя. Але найболыпым
пісьменніцкім майстэрствам, сапраўднай мастацкасцю вылучаецца вобраз Славіка
Шыковіча. Гэта самы нестатычны вобраз. У ім увасоблена пісьменніцкая думка пра
тое, як нялёгка быць маладым, нават калі твае бацькі сапраўды прыстойныя і сумленныя
людзі, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць
выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае ў гэтым свеце —
расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае
каштоўнасці.
Менавіта праз гэты вобраз вырашаецца адна з галоўных праблем рамана — праблема
бацькоў і дзяцей. Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказу на пытанне,
чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька
— інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці —
сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага выхавання, акрамя прыкладу
сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў, патрэбна, каб чалавек рос не так пакутліва
і без такіх, як са Славікам, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць і
Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову.
Сапраўды, у нашых продкаў, што карысталіся галоўным прынцыпам народнай
педагогікі — прыклад і праца, такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і
адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначаў Славік, «каб лішняе з'елі і
лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца.
Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і
такая ўвага, і такое дбанне менавіта пра духоўнасць дзяцей, а не толькі «каб
лішняе з'елі і лішняга не выпілі», як у сям'і Яраша, Уражвае эпізод, калі Яраш
забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра «гнілыя зубы» пацыентаў, што так
раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я
бацькам для іх век дажыў» — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць
паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?)
нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас,
калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся. Вядома ж, праца, годнае акружэнне
(з кім павядзешся, ад таго і набярэшся) таксама паўплывалі на Славіка. Гэта
пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці
ў Славіка, як сцвярджае пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне
велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як зноў
падкрэслівае пісьменнік, што «усе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны
кодэкс». Але ж у Славіка заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці
паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а
юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрадці
словы, што пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць
па-новаму».
I ўсё ж публіцыстычнае, сацыяльна заказанае, пафаснае, якога нямала ў рамане,
не здольна зацьміць яго галоў-ных мастацкіх вартасцей. Галоўная вартасць кніг
I. Шамякіна —займальнасць сюжэтаў, эстэтычнасць вобразаў, праз якія пісьменік ставіць
і вырашае тыя праблемы, што з'яўляюцца вечнымі і хвалююць нас сёння. Менавіта
гэта ў творчасці пісьменніка вытрымала выпрабаванне часам, а час — галоўны
ўсяму суддзя.


Комментариев нет:
Отправить комментарий