вторник, 24 марта 2026 г.

Светлыя далі роднага краю: выйшла новая кніга

 

#жыццё  Мы в телеграмм 

 “Светлыя далі роднага краю: народная духоўная культура Светлагорскага раёна”  – гэта назва зборніка, прэзентацыя якога адбылася сёння ў Дуброўскай сельскай бібліятэцы.

Выйшаў ён напрыканцы 2025 года пры фінансавай падтрымцы Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта, у серыі “Мая малая радзіма”, аб’ёмам 314 старонак. Тыраж 99 экзэмпляраў. Надрукаваны ў Гомелі, у рэдакцыі газеты “Гомельская праўда”. 




Зборам матэрыялу для кнігі разам з калегамі займалася Валянціна Станіславаўна Новак – прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэту імя Ф. Скарыны, доктар філалагічных навук.

Яна далучылася да імпрэзы праз відэа, у якім выказала падзяку ўсім, хто меў дачыненне да выдання гэтага  ўнікальнага аўтэнтычнага твора. 

Таксама Валянціна Станіславаўна ад імя аўтарскага калектыва даслала пажаданні жыхарам вёскі Дуброва: здароўя, поспехаў, плёну і шчасця ўсім, хто змог далучыцца сваімі ўспаміанмі пра з’явы народнага календара, віды сямейнай абраднасці, замовы, прыкметы і павер’і, хто шчодра сустракаў на сваім падвор’і студэнтаў ГДУ імя Францыска Скарыны!

Найлепшыя пажаданні плёну на ніве захавання народнай духоўнай культуры адрасуем прадстаўнікам маладога пакалення,” – пераданы ад складальнікаў.

Вядучымі мерапрыемства сталі былыя студэнткі ГДУ імя Ф. Скарыны (Бусел Юлія і Мітраховіч Вера), чый сабраны пад час вучэбнай практыкі фальклорны матэрыял, таксама ўвайшоў у зборнік.




На сустрэчы прысутнічала аўтар  шматлікіх паэтычных зборнікаў светлагорская паэтэса Соф’я Шах.

 Яе асаблівасць, адметнасць - выдатнае валоданне беларускім словам. А таксама напісанне вянкоў вянкоў вянкоў санетаў, што з’ўляецца вышэйшым пілатажам у паэзіі. 

Соф’я Мікалаеўна прачытала свае вершы аб родным краі. Сярод іх новы, радкі якога падказала назва прэзентуемай кнігі.

Светлыя далечы роднага краю,-

вершараспевам аб іх прамаўляю,

так агарнулі душу мне яны

З той, малалетняй маёй даўніны.

 

Светлыя далечы мілай Радзімы,-

ростані доўгія з ёй немагчымы,

так урасла ўжо ў свядомасць яна,

белабярозная шыр-старана.

 

Светлыя далечы думных абсягаў,-

прага дабра ім, ім шчаснасці прага,

Так звыспадоблены імі ўжо лёс,

Што не пазбегнуць удзячлівых слёз…

 

Светлыя далечы роднага краю –

Раю мой велічны, любасны раю…

 

Аўтар адмеціла багаты кніжны фонд.

Падарыла кніжку вершаў для дзяцей з пажаданнямі шчаслівага маленства юным чытачам Дуброўскай сельскай бібліятэкі. 

Там шчасліва здарылася, што на 314 старонках выдання немала матэрыялу пра вёску Дуброва і яе наваколлі.

Спрыяла гэтаму, у тым ліку асабістае знаёмства і нават сяброўства з прафесарам Новак В.С. нашага аднавяскоўца А. П. Цярэшчанкі.

Ён таксама піша вершы і песні. Два з іх увайшлі ў кнігу.

Аляксандр Паўлавіч прачытаў свае вершы пра радзіму, вёску, пра людзей, якія спрыяюць яе развіццю і гонару.




Падарожжа па старонках кнігі захапіла прысутных.

У розных радзелах былі звесткі пра Дуброву: “Фальклорна-этнаграфічная спадчына. Традыцыі каляндарна-абрадавага фальклору Светлагорскага раёна”, “Прыкметы і павер’і  Светлагорскага раёна”, “Народная міфалогія”, “Пазаабрадавыя песні”….

Са слайдаў глядзелі  аднавяскоўцы, ад якіх на працягу дзесяцігоддзяў былі запісаны, занатаваны мясцовыя прыказкі, прымаўкі, песні, абрады, дыялекты…

На старонках 251-253 знайшлося месца для артыкула

“Архіўныя матэрыялы сельскай бібліятэкі вёскі Дуброва”.

Падчас працы (на працягу болей як сарака гадоў) бібліятэкарам Бусел Л.Ф. сабрана нямала аўтэнтычнага фальклору.

На жаль час не стаіць на месцы. Многіх з тых, ад каго гэта было запісана  ўжо няма на гэтым свеце.

Але паводле іх успамінаў складзены картатэкі, альбомы, буклеты.

13 гадоў  бібліятэка мае свой блог “BYK-va!” у інтэрнэце, на старонках якога змешчаны матэрыял пра сучаснае  і мінулае вёскі Дуброва і наваколляў.

А з недаўняга часу телеграм-канал «Бусел из Дубровы: заметки краеведа».

Асобны раздел зборніка мае аўтара - гомельскую паэтэсу, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамару Кручэнка.  У 2019 годзе журналістка пабывала ў вёсцы Зарэчча і напісала артыкулы, якія змешчаны пад назвай

 “Пра вёску Зарэчча Светлагорскага раёна”  (с. 288-289)

Нашай долі адгалоскі (Тамара Кручэнка) 2019 г.

У ім лёсы жыхароў в. Зарэчча – Сіроцкага Івана Міхайлавіча, Краўчанка Алены Фёдараўны.



Так здарылася, што праз 6 гадоў бібліятэкар таксама запісвала іх успаміны, змешчаныя ў блозе і на канале ў рубрыцы “Судьбы наших земляков”. І мне было што дадаць да надрукаванага ў кнізе.

Як сказала прафесар В.С. Новак: “Фальклор  - гэта наш радавод, генетычны код, трывалая аснова самасвядомасці”. Яна жа прыгадала словы Уладзіміра Васілевіча: “Як нішто штучна прыдуманае не жыве без прымусу, так нішто асвечанае векавай традыцыяй не можа згінуць навекі”.

Няхай будуць светлымі далі нашага роднага краю!

21.03.2026 г. Дуброўская сельскай бібліятэка, бібліятэкар Бусел Людміла Фёдараўна.

 больш фота ў альбоме групы на Ок і на канале в ТГ

 

 

 

 

 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий