четверг, 18 декабря 2014 г.

Прачытана бібліятэкарам: Іван Чыгрынаў. Прочитано библиотекарем

небагата ў сеціве матэрыялу па-беларуску, 
таму раблю гэты пост



Я не скажу, што бачыў свет,
Але на моры і на сушы
Жывых людзей жывыя душы
У маёй пакінулі свой след…
                                   І. Чыгрынаў


Чыгрынаў Іван Гаўрылавіч – пісьменнік, творчасць якога адметная з’ява ў беларускай літаратуры.
У снежні 2014г яму спаўняецца 80 год. 18 з іх  пісьменніка няма на гэтай зямлі. Але чалавек жыве, пакуль жыве памяць аб ім.  Сёння прачытала ў кнізе інтэрв’ю з творцам і ўражана – быццам, літаральна, учора ўсё гэта было сказана. Спадзяюся, вас яно таксама зацікавіць. Пра патрыятызм...
 З кнігі “Новае ў жыцці, новае ў літаратуры: Крытыка і публіцыстыка”, 1983 г.
-         За раман “Плач перапёлкі” і “Апраўданне крыві” Вам была прысуджана высокая ўзнагарода. А як Вы самі ўспрынялі яе?
-         Канешне ж, быў рады. Узнарагоды бываюць чаканыя і нечаканыя. Дык якраз гэтая была для мяне нечаканая….
Але, акрамя ўсяго, узрадаваўся, яшчэ вось чаму. З часу напісання “Плачу перапёлкі” мяне іншы раз папракалі, найбольш вусна, у тым, што ў раманах, маўляў, недастаткова патрыятызму. ..
Што такое патрыятызм? Некаторым людзям, у тым ліку і крытыкам, здаецца, што патрыятызм – гэта калі выйшаў на вуліцу і крыкнуў “ура!”. Не, патрыятызм у часе вайны, асабліва ў часе акупацыі – гэта нешта зусім іншае. Патрыятызм – гэта духоўны свет народа. .. А наш народ у вайне паказаў сваю Вялікую любоў і да сваёй роднай зямлі, і да сваёй роднай Савецкай улады. Ён дужа не крычаў аб гэтым. Ён проста супраціўляўся – актыўна і пасіўна – ворагу…
-         Што было вызначальным: асабістыя ўражанні дзяцінства, пазнейшыя ўспаміны і расказы аднавяскоўцаў і далейшых землякоў (падзеі ў рамане разгортваюцца на Вашай “малой радзіме” - Магілёўшчыне), ваенныя мемуары, дакументы і г.д.?
-          Цяжка сказаць пра гэта коратка і вычарпальна. Раз’яднаць тут, аддзяліць адно ад аднаго немагчыма. Ну, па-першае, я сапраўды, правёў дзяцінства ў вайне: жыў у вёсцы са сваёй сям’ёй, з братамі, сёстрамі і маці, бачыў гэтую вайну, хоць і быў малы. Але, як на сённяшні розум і вопыт, дык павінен сказаць – вельмі ж учэпістая дзіцячая памяць. Я ўжо забыў многае, што было пры дарослым жыцці, а з таго дзіцячага, жыцця мала што забываецца. Нібы адбілася на фатаграфічнай стужцы. Адбілася і не засвечваецца ні часам, ні чым іншым. Дык вось, многае чэрпаў са сваёй уласнай памяці.
Аднак жа ёсць такое паняцце  - памяць народа. Яна, вайна, жыве ў памяці народа. Бо адчуваў, у тэме вайны шмат чаго невысказаннага, шмат чаго і проста  нясказаннага. 

-         Іван Гаўрылавіч, а што ўвогуле думаеце вы пра сваіх чытачоў? Як вы іх успрымаеце пры ўсёй іх шматаблічнасці і рознахарактарнасці? Які чытач для вас найдарожшы?
-         Раней я трошку пабойваўся яго, чытача. Думалася: прыме ён цябе ці не прыме і хто прыме? Чытач дзеліцца і па ўзросце, і па адукацыі, і па ўспрымальнасці таго, што чытае. Чытач любіць праўдзівую літаратуру, антэнны чытача заўсёды настроены на праўду. Найдаражэйшы  мне чытач маладзейшы. Мо таму, што кнігам, якія мы пішам,заставацца з ім.
 - У войну найбольш напакутаваліся жанчыны?
- Ну, вядома ж! Гэта ж не сакрэт, што яны, можа, зрабілі ў вайне найбольш. Бо неяк умелі і з мужчынамі жыць, неяк умелі і дзяцей нарадзіць, неяк умелі і працаваць, і патомства захаваць, і ваяваць, і хлеб сеяць, і паспагадаць, і раны перавязаць, умелі любіць і ненавідзець


Народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (1934 – 1996гг)
 працягнуў справу Кузьмы Чорнага, Iвана Мележа, Васіля Быкава ў стварэнні народнага эпасу, які дакладна выяўляе нацыянальную душу беларусаў, іх менталітэт. Таленавіты, самаадданы, неардынарны мастак слова – аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п'ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў – грунтоўна выпісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, у гады ваеннага ліхалецця, у часы пасляваеннай галечы і ў 80-90-я гады XX стагоддзя. Яго героі адначасова звычайныя і незвычайныя людзі, якіх мы сустракаем у паўсядзённым жыцці, з якімі мы жывём побач – дарослыя і дзеці, сяляне і гарадскія жыхары, гістарычныя постаці і героі Вялікай Айчыннай вайны, якімі нельга не захапляцца, не суперажываць, бо яны "жывыя", натуральныя.
   Іван Гаўрылавіч пражыў цікавае, змястоўнае і адначасова няпростае жыццё. З'явіўся на свет будучы мастак слова 21 снежня 1934 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Пасля чарнобыльскай трагедыі ў 1986 годзе маленькая радзіма I. Чыгрынава была атручана радыяцыяй, што прынесла незагойную рану ў сэрца пісьменніка.
   Гадаваўся будучы пісьменнік у руплівай сялянскай сям'і: бацька – старшыня сельсавета, маці – звычайная працаўніца-калгасніца. Пазней Іван Чыгрынаў з вялікай удзячнасцю ўспамінаў маці Хадоску Ігнатаўну, на плечы якой клаўся ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей (у сям'і іх было восем). Вялікі ўплыў на станаўленне яго светапогляду аказаў нацыянальна свядомы дзед Ігнат Міхайлавіч Кажанаў. Дзяцінства Івана Гаўрылавіча, як і многіх пісьменнікаў “філалагічнага” пакалення, было апалена вайной. Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і нялёгкі пасляваенны час потым было таленавіта адлюстравана ім у апавяданнях "Бульба", "За сто кіламетраў на абед", "Ішоў на вайну чалавек", "У ціхім тумане", "У баку ад дарогі", раманах "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві" і іншых. Сам мастак слова так акрэсліў месца вайны ў сваёй біяграфіі: "У вайну хапіла ўсім – і дарослым, і дзецям... На вайну прыпала толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць".
   Дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Гітлераўская акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту, і ў 1949 годзе ён паспяхова скончыў сямігодку. Далей Іван Чыгрынаў вучыцца ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якую раней закончыў яшчэ адзін народны пісьменнік Беларусі —
Аркадзь Куляшоў, што само па сабе унікальная з'ява. Той факт, што ў роднай школе некалі вучыўся аўтар паэмы "Сцяг брыгады", як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымушала вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіла жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры.
   Яшчэ ў школе юнак захапіўся літаратурай, пачаў сам пісаць вершы, таму невыпадкова, што жыццёвы шлях прывёў яго на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ, дзе ён пазнаёміўся з маладымі і таленавітымі літаратарамі. Аднакурснікамі Івана Чыгрынава былі Іван Пташнікаў,
Вячаслаў Адамчык. Студэнцкія гады (1952-1957) сталі часам літаратурных спроб найперш у паэзіі. Так, дэбютны верш "Сон трактарыста" быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе "Полымя", потым былі і іншыя вершы ў "Магілёўскай праўдзе", "Чырвонай змене", "Полымі", аднак паэтам Іван Чыгрынаў так і не стаў. У год заканчэння універсітэта ў "Чырвонай змене" пабачыла свет яго невялікая аповесць "Аўгуст Андрэ: Тайна адной экспедыцыі" пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Сам мастак слова лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі ў штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" з'явілася апавяданне "Праз гады".
   Таленавіты, амбітны ў лепшым разуменні гэтага слова мастак, які рана зразумеў, што ад Бога яму дадзены талент, нястомна працаваў на літаратурнай і грамадскай ніве. Пасля вучобы ва універсітэце Іван Гаўрылавіч працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва "Навука і тэхніка" АН Беларусі (1957-1962), часопіса "Полымя" (1962-1975), працяглы час быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1975-1986), у складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у працы ХХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1978), з 1987 года — старшыня праўлення Беларускага фонду культуры, у 1988 годзе абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, з 1989 года — галоўны рэдактар часопіса "Спадчына".
На літаратурнай ніве, як і ў грамадскім жыцці, I. Г. Чыгрынаў быў максімалістам, таму паспеў зрабіць многае, за што заслужана ў 1994 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі. Вынікам творчых пошукаў у жанры апавядання стаў зборнік "Птушкі ляцяць на волю", які быў надрукаваны ў 1965 годзе. Потым былі і іншыя апавяданні, якія ўвайшлі ў зборнікі "Самы шчаслівы чалавек" (1967), "Ішоў на вайну чалавек" (1973). Аднак I. Чыгрынаў больш вядомы як пісьменнік-раманіст, які пераканаўча паказаў драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Перад самай смерцю мастак завяршыў пенталогію пра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з наступных раманаў: "Плач перапёлкі" (1972), "Апраўданне крыві" (1977), "Свае і чужынцы" (1984), "Вяртанне да віны" (1993), "Не ўсе мы згінем" (1996). За першыя дзве часткі ў 1979 годзе аўтар быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Паводле трох раманаў у 1991 годзе на кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёр I. Дабралюбаў зняў шматсерыйны тэлевізійны фільм "Плач перапёлкі". Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты драматург — аўтар п'ес "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" (1986), "Следчая справа Вашчылы" (1988), "Чалавек з мядзведжым тварам" (1988),
"Звон — не малітва" (1988), "Толькі мёртвыя не вяртаюцца" (1989), "Ігракі" (1989), "Прымак" (1994) — і перакладчык "Слова пра паход Ігаравы" (1991). Уся творчасць пісьменніка — гэта філасофскія развагі над гістарычным вопытам беларускага народа, дзе выяўляецца духоўны стрыжань — ідэя нацыянальнага яднання. Перастала біцца сэрца гэтага таленавітага мастака слова 5 студзеня 1996 года, але ён застаўся жыць у сваіх творах.
Автор блога Людмила Бусел, 18.12.2014г.

1 комментарий: