суббота, 14 февраля 2026 г.

Знакамітыя землякі:Бусел Я.С., 90 год

 

#дата

Буслу Я.С. - 90

Жыццё часта бывае несправядлівым.  Як пісаў Францішак Багушэвіч “Бог няроўна дзеліць”. Камусці жывецца адносна лёгка, а іншаму выпадае шмат цяжкіх выпрабаванняў. Да другой катэгорыі можна аднесьці нашага земляка-юбіляра 2026 года.

Бусел Яўген Сямёнавіч (1936-2018 гг)

Бусел Яўген Сямёнавіч нарадзіўся 14 лютага 1936 года ў в. Міхайлаўка, што побач з Дубровай. Бацька яго быў родам з вёскі Зарэчча, сам хлопчыкам троху хадзіў у школу ў Дуброву.  Таму, як казаў: “Лічу сябе вашым земляком”.   Імя знакамітага земляка занатавана на старонках Беларускай  і іншых энцыклапедый і слоўнікаў па мастацтву.

 Член Саюза мастакоў СССР і Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.




Расказвае Яўген Сямёнавіч: “Дзяцінства маё прыпала на ваеннае ліхалецце. Пасля таго, як немцы забілі майго дзядзьку за сувязь з партызанамі, над усёй раднёй навісла пагроза расправы з боку немцаў.

У адну з начэй тры сям’і па дамоўленнасці з партызанамі пераехалі ў партызанскі атрад, дзе бацька і ваяваў. Дарэчы, гэты наш атрад перабіў язмінскіх (в. Язвін) паліцаяў але, нажаль, і бацька загінуў ад фашыстскай кулі. Пахаваны ён недзе у палескіх лясах, і мая пакойная маці ўжо пасля вайны не змагла знайсці яго магілу. Калі вызвалілі нашу вёску, мы прыехалі на сваё папялішча”...

Жыццё стала наладжвацца. У Міхайлаўцы  была адкрыта пачатковая школа, якую паспеў да трагедыі скончыць Яўген. Далей трэба было хадзіць у Дуброву. Пад час канікулаў ён і некалькі яго сяброў падарваліся гранатай. Пасля вайны такія выпадкі былі не рэдкасць. На жаль, хлапчуку, якому лёсам наканавана было стаць мастаком, у якога быў талент да малявання, дасталося больш за ўсіх -  ён застаўся без абедзьвюх рук. Разумеючы, што з такім калецтвам у вёсцы яму будзе цяжка, маці ўладкавала сына ў дзіцячы дом у Рэчыцы. Ў няпоўных дванадцаць гадоў будучы мастак быў вымушаны пайсці з дому.

У 1964 годзе прафесійныя малюнкі Яўгена Бусла з’явіліся ў сатырычным часопісе “Вожык”. З таго часу больш як на доўгія тры дзесяткі гадоў лёс цесна звязаў мастака з гэтым часопісам. Ён стаў адным з актыўных яго аўтараў, з’яўляючыся адначасова і членам рэдкалегіі.

Значны след пакінуў мастак у “Агітплакаце”. Яго яркія, запамінальныя карыкатурныя плакаты не згубілі актуальнасці і сёння. П’янства, хабарніства, бюракратызм, гультайства, праблемы экалогіі, маралі, этыкі – тэмы вечныя.

Таленавітаму мастаку блізкія па духу беларускі фальклор, народны лубок, прывабліваюць тэмы жанчыны і сям’і. Усё гэта ён адлюстроўвае ў сваёй разнастайнай творчасці. Прыказкі і прымаўкі, якія мастак адлюстраваў пзндзелем: Ой, ляцелі гусі з сіняга Дунаю… А чаму ты не прышоў, калі месяц узышоў?... Цвіла ружа ў агародзе… Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра… Маладзіцы, як брусніцы.. Быў час — калі дзеўкі любілі нас… Пчолка рада квету, а чалавек — лету… Лепшая вадзіца з роднай крыніцы… Садок садзіць — жыццё харашыць… А я роду не такога, каб любіць абы якога… Вясновы дзень год корміць… Увосень у госці просім… Хто скуль, а мы тутэйшыя… Сядзем у рад — тата будзе рад…. Няма тое крамы, каб прадаваліся мамы….Татава хата ўсім багата...




Яўген Бусел удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх яго працы атрымлівалі высокую ацэнку. Творы мастака знаходзяцца ў фондах музеяў Беларусі і за мяжой.

Аднойчы прыязжаючы на лета ў родную Міхайлаўку, мастак прывёз чатыры свае карціны ў падарунак музею гісторыі вёскі Дуброва.

28 красавіка 2018 года Яўген Сямёнавіч пайшоў у лепшы свет.

 На малой радзіме памятаюць і  ганарацца  таленавітым земляком.

Тэкст Людмілы Бусел, бібліятэкара, блогера, краязнаўцы, пашукавіка.

14.02.2026 г. аг. Дуброва, Светлагорскі, Гомельскай, Беларусь.

 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий