вторник, 27 июня 2017 г.

Прачытана бібліятэкарам: Добры хлопец Дзік

Лужанін М. Добры хлопец Дзік: аповесць: для малодшага шк.узросту/ Максім Лужанін.- Мн.: Юнацтва, 1993.- 125 с, іл.
Гэтая кніга ў спісе для чытання тых, хто перайшоў у пяты клас. Адразу скажу, што ранавата яе чытаць ў гэтым узросце. Хаця бы годзік яшчэ трэба пачакаць. Называецца аповесць “Добры хлопец Дзік”, напісаў яе беларускі пісьменнік Максім Лужанін. Дзік – гэта ніякі не хлопец, а беспародны сабака, які шчанюком трапіў да гаспадароў.  Такое імя яму далі не адразу, спачатку зваўся Абаронцам і Брэхам. Дзік – гэта тое імя, што трэба. Асцярожны, але не баязлівы, кемлівы, адважны, разумны, хада – спорная, слых – выдатны. Дзік палюбіўся ўсім – і Гаспадару, і Гаспадыні, а кату Хаме, якому сабака выратаваў жыццё. “Усіх нас Дзік ведаў па імёнах, склікаў да стала,зваў з двара дадому, запрашаў да тэлефона, рабіў многа іншых дэлікатных паслуг” – піша аўтар. Потым тлумачыць, чаму ўзяўся пісаць пра сабаку пасля выдатнай кнігі “Белы Бім Чёрнае Вуха”. Таму, шта Дзік жыў у іншы час – падзеі адбываюцца ў Беларусі, адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны.
У кніжцы апісана шмат цікавых прыгод, якія здарыліся з сабакам. Аднойчы Дзік выбег на вуліцу і не вярнуўся ў час. Гаспадары вельмі ўстрывожыліся, кінуліся шукаць на адлоўны пункт. Але праз два дні апоўначы каля вакна пачулася хрыплае “цяў!”. Дзік ляжаў на снезе каля ганка. На шыі сабакі замест нашыйніка быў туга закручаны драцяны абруч. Другі абруч з яшчэ таўсцейшага дроту апяразваў тулава пад пярэднімі лапамі. Да яго нельга было дакрануцца: скура была ўся ў пісягах і крыві. Няйначай, яго спрабавалі трымаць на прывязі.

Аповесць раздзелена на главы, у якіх асобныя гісторыі пра тое, што адбывалася з сабакам: то ён ратуе Гаспадара ад рабаўнікоў, то ён санітар, то ваюе са шкоднікамі, то вартаўнік, то лекар…  Чытаць цікава. Ёсць у кнізе і малюнкі, не так шмат, але каляровыя. 125 старонак для малодшага школьнага ўзросту мнагавата. А так, не хужэй за аповесць Траяпольскага пра Біма. 
Аўтар блога бібліятэкар Людміла Бусел, 27.06.2017 г.
P.S.
Сама прачытала яе выпадкова. Хлопчык, здавая кнігу, прызнаўся, што не чытаў... Каб вызначыць, што да чаго, прачытала сама...


Комментариев нет:

Отправить комментарий