суббота, 11 июля 2020 г.

Забытыя імёны: Антон Бялевіч, паэт.


Нічога ў жыцці не бывае выпадкова. Зусім недаўна пераканалася ў гэтым у чарговы раз. Накіравалі мяне на чатыры месяцы працаваць у суседнюю вёску, пакуль не прыйдзе спецыяліст. Раз у тыдзень па пятніцах ездзіла ў Палессе. І вось там на запрос чытача не здолела адказаць. А ён цытаваў па памяці нешта вершаванае, падобнае на Уладзіміра Дубоўку. Але не ён… Ведаў назву “Ідзі,  мой сын” і што аўтар на літару “Б”. Інтэрнэт амаль нічым не дапамог, але прозвішча аўтара  даведаліся – Антон Бялевіч паэма “Ідзі, мой сын”, 46 старонак, напісана ў 1951 годзе.
Раз чалавек, вывучаючы яшчэ ў школе, памятае ўрыўкі  твора да досыць сталага веку, значыць нешта годнае. Стала шукаць. Але знайшла толькі два зборнікі вершаў паэта, у якіх не было гэтай паэмы. Звярнулася на сайт Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Маю заяўку ў інтэрнэце ўгледзяла знаёмая калега з Гомельскай абласной бібліятэкі і даслала мне зборнік вершаў і паэм Антона Бялевіча “Дарогай шчасця” 1952 году выдання.




Мне самой стала цікава, што такая за паэма, што запала ў памяць на ўсё жыццё. Ды і раней амаль не сустракалася з творчасцю гэтага паэта. Зборнік вершаў стаяў ціхенька на паліцы,  ды кніга пра Хатынь пад яго аўтарствам была ў бібліятэцы.
У школьных падручніках ёсць вершы Антона Бялевіча пра прыроду, радзіму. Паэма “Смерць Маланкі” чытаецца на конкурсах вершаў пра Вялікую Айчынную вайну. Коратка прыгадаю яе змест. Карнікі арыштоўваюць Маланню за тое, што яе муж партызан, бальшавік. І прысуд жанчыне выносяць наступны: даюць у рукі запаленую свечку з умовай, што ёй даруецца жыццё, калі яна пранясе тую свечку праз усю вёску да роднага парога, і аганёк не пагасне… Уся вёска з напругай сочыць за папошнім шляхам аднавяскоўкі, хаця ўсе разумеюць, што надзеі няма...
Трохі біяграфічных звестак пра паэта. Нарадзіўся Антон Пятровіч Бялевіч  у 1914 годзе на Уздзеншчыне, Мінская вобласць. Свой біяграфічны артыкул ён некалі назваў “Я – з Дуброўкі”, так называлася вёска,  ён нарадзіўся. У горадзе Узда ёсць вуліца, якая носіць назву яго імя.
Па стану здароўя яго не прызвалі на фронт. У 1942 годзе П.К. Панамарэнка направіў пісьменнікаў ў тыл ворага. Вызвалісь ісці Анатоль Астрэйка  і Антон Бялевіч. Яны пайшлі, пад агнём ворага, без сну і адпачынку, праз вядомыя Суражскія вароты. Партызанскія сувязныя прывялі іх да бацькі Міная…
Аднойчы Антон Бялевіч захацеў паглядзець у бінокль, як дагарае гарнізон, разгромлены партызанамі, і толькі прыклаўся да акуляра, як выстрал нямецкага снайпера зрэзаў пабач камандзіра Курмялёва. Быццам і сваю нейкую віну адчуваў тут паэт…І яшчэ не раз смерць праходзіла блізка. Памёр паэт ў 1978 годзе.
Чытач, палучыўшы кнігу з Гомеля “Дарогай шчасця” (363 старонкі), трымаў яе каля месяца. Калі прынёс, дзякаваў і хваліў. Сказаў, пяць разоў перачытаў! Вельмі добрая кніга... Згодна і я з гэтай адзнакай.
Сапраўды, паэма “Ідзі, мой сын” кранальная і шчымлівая, выбіла слязу ў тым месцы, дзе маці адпраўляе сына  ў вёску, а сама застаецца на пагібель.
Кароткі змест паэмы. Брэстская крэпасць. Пачынаецца вайна. Гарнізон сражаецца з ворагам. Галоўны герой 10-гадовы хлопчык   Ігнасік, ён жа Ігнась Бандарэвіч, баец, які даваў піянерскую клятву, дапамагае дарослым. Падносіць ваду, падае патроны. Гіне яго бацька, камандзір атрада пагранічнікаў. Маці – медыцынская сястра застаецца з гарнізонам да канца, а хлопчыку просіць сказаць, што яна пайшла ў вёску на радзіму і чакае яго там.
Разумеючы, што ўсе загінуць, яна гэтай маной хоча выратаваць сына. Хлопчык ідзе адзін па акупіраванай месцовасці, Вакол ворагі, забітыя людзі, пажар. У лесе ён сустракае раненага байца, прыносіць яму вады і дапамае ісці. Дзямян  Дзямяныч Лістапад імя салдата. Яны выходзяць да партызан і застаюцца ў атрадзе. Разам з лесніком Хмель Макарам Ігнасік ходзіць ў разведку. Пераапрануўшыся ў рыззе, узяўшы скрыпку.  
-Мой дзед сляпы, я – павадыр. На вяселле ідзем у вёску.
І увесь час шукае маці след. Потым Ігнась трапляе на самалёце ў Маскву, вучыцца на вайскоўца, як яго тата. Прыязжае служыць ў Брэст, дзе загінулі яго бацькі. Патрыятызм, памяць пакаленняў, супраць ворага падняліся і малы і стары… - такі сэнс паэмы.
Шмат вершаў і паэм спадабаліся таксама яшчэ.
Ёсць на свеце такія краіны,
Дзе расце нават хлеб на раллі,
А мне нашы бярозы, каліны,
Нашы краскі ў душу заплылі.
Я харошых краёў бачыў многа,
Многа пройдзена дальніх дарог.
А найлепшая тая дарога,
Што вядзе на бацькоўскі парог.
Кажуць: дома вуглы памагаюць.
Дома жыць і рабіць весялей…
Чалавек без бацькоўскага краю –
Як без песні ў гаі салавей.
Вельмі я задаволена, што выпадкова адкрыла для сябе такога цудоўнага беларускага паэта.
11.07.2020. аг. Дуброва. А прыкмецілі? Назва малой радзімы Антона Бялевіча – Дуброўка. Выпадкова, лічыце?


Комментариев нет:

Отправить комментарий