пятница, 4 октября 2013 г.

мастак-зямляк Бусел Яўген Сямёнавіч




Даведка:


Бусел Яўген  Сямёнавіч 
(14.02.1936-28.04.2018)

1936 г.н. нарадзіўся ў в. Міхайлаўка член Саюза мастакоў СССР і Беларусі, удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх яго працы атрымлівалі высокую ацэнку,  шмат гадоў быў аўтарам і членам рэдкалегіі часопіса “Вожык”, заслужаны  дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.

Думаю, Яўген Сямёнавіч не будзе супраць, што я пішу аб ім у сваім блозе. Людзі таленавітыя не наледжаць толькі сабе, таму дзялюся звесткамі пра гэтага цудоўнага чалавека, нашага земляка. Пакуль толькі аднойчы сустакалася з ім асабіста.



Бусел Яўген Сямёнавіч
нарадзіўся 14 лютага 1936 года ў в. Міхайлаўка Парыцкага раёна.
Аўтабіяграфія
Дзяцінства маё прыпала на ваеннае ліхалецце. Пасля таго, як немцы забілі майго дзядзьку за сувязь з партызанамі, над усёй раднёй навісла пагроза расправы з боку немцаў. У адну з начэй тры сям’і па дамоўленнасці з партызанамі пераехалі ў партызанскі атрад, дзе бацька і ваяваў. Дарэчы, гэты наш атрад перабіў язмінскіх паліцаяў але, нажаль, і бацька загінуў ад фашыстскай кулі. Пахаваны ён ў палескіх лясах, і мая пакойная маці ўжо пасля вайны не змагла знайсці яго магілу. Калі вызвалілі нашу вёску, мы прыехалі на сваё папялішча. ..Пасля вайны я пайшоў у першы клас. У час канікулаў я і некалькі маіх сябрукоў падарваліся гранатай. Мне, нажаль, засталося больш за ўсіх. Застаўся без абедзьвюх рук. Пачатковую школу я закончыў у Міхайлаўцы, а далей трэба было хадзіць у Дуброву. Пры той галечы здаровыя дзеці не вытрымлівалі і кідалі школу, а ў маім становішчы тым больш. Летам яшчэ неяк можна было хадзіць у Дуброву, а зімой — амаль голыя і босыя.
Калі мне ў 1948 годзе прапанавалі ўладкавацца ў Рэчыцкі дзіцячы дом — я з радасццю згадзіўся, таму што хлапчуком я разумеў, што ў вёсцы я прападу. І пасля таго як правучыўся ў Дуброўскай школе амаль месяц, маці адвезла мяне ў дзеддом. У 1954 годзе паступіў на гістарычнае аддзяленне БГУ імя Леніна, дзе правучыўся тры гады. Але цяга да мастацтва прымусіла мяне паступіць у філіял Маскоўскага паліграфічнага інстытута, які быў на той час адкрыты ў Мінску. Пасля заканчэння ў 1964 годзе я стаў працаваць пазаштатным мастаком у часопісе “Вожык”, і адначасова працаваў мастаком на Мінскай мастацка-галантарэйнай фабрыцы, а таксама выконваў многія творчыя работы. З’яўляюсь членам Саюза мастакоў РБ. За часы маёй  творчай працы мной выканана вялікая колькасць мастацкіх твораў, якія знаходзяцца ў розных музеях рэспублікі. Якую яны маюць каштоўнасць — вызначыць час.
Пару слоў пра маю сям’ю. У мяне двое дарослых дзяцей і трое ўнукаў. Сын працуе выкладчыкам у Мастацкай Акадэміі, а дачка ў дзіцячай паліклініцы.
2001 г., Мінск
Аўтабіяграфія напісана па просьбе бібліятэкара Дуброўскай сельскай бібліятэкі Бусел Л.Ф., арыгінал захоўваецца ў музеі гісторыі вёскі Дуброва.
Глядзець таксама Беларускую энцыклапедыю т.3 с. 356
У бібліятэцы ёсць дзве кніжкі карыкатур Яўгена Бусла з аўтографамі, прысланыя з Мінску самім аўтарам. Выйшлі яны ў літаратурным дададку  да часопіса “Вожык”  ў серыі “Бібліятэка Вожыка”- “Бюракратычная падсцілка”, 1986; Няма роду без выроду: Карыкатуры, 1991.
З прадмовы да  кнігі карыкатур Яўгена Бусла “Няма роду без выроду”, аўтар Уладзімір Правасуд… Нарадзіўся Яўген Сямёнавіч Бусел у лютым 1936 года ў вёсцы Міхайлаўка Светлагорскага раёна. Не паспеў, як кажуць, нацешыцца дзіцячым смехам, як грымнула вайна. Яна апаліла яго, адняла дзяцінства, а потым па волі лёсу ўладкавала ў Рэчыцкі дзетдом, дзе ён выхоўваўся ў пасляваенны час. Там і праклюнулася ў яго цяга да малявання, жаданне сваёй працай ствараць людзям настрой, дапамагаць ім, смяючыся, пазбаўляцца ад недахопаў. Першыя яго карыкатуры пачалі рэгулярна з’яўляцца ў дзетдомаўскай насценнай газеце. Так было і тады, калі ён вучыўся спачатку на гістарычным факультэце БДУ імя Леніна, а потым у Маскоўскім паліграфічным інстытуце. Калі ж у 1964 годзе яго малюнкі ўпершыню былі змешчаны ў часопісе “Вожык”, малады мастак …
З часу тых першых прафесійных малюнкаў Яўген Бусел цесна звязаў свой мастацкі лёс з “Вожыкам”, стаў адным з актыўных яго аўтараў, з’яўляючыся адначасова і членам рэдкалегіі часопіса. Яўген  Сямёнавіч — член Саюза мастакоў СССР, удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх яго працы атрымлівалі высокую ацэнку. Яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь…
Бусел Л.Ф. … у 90-я гады- перш. палова 2000-х  мастак працаваў ў газеце “Пикник”. Таленавітаму мастаку блізкія па духу беларускі фальклор, народны лубок, прывабліваюць тэмы жанчыны і сям’і. Усё гэта ён адлюстроўвае ў сваёй разнастайнай творчасці. Прыказкі і прымаўкі, якія мастак адлюстраваў пзндзелем: Ой, ляцелі гусі з сіняга Дунаю…А чаму ты не прышоў, калі месяц узышоў?...Цвіла ружа ў агародзе… Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра… Маладзіцы, як брусніцы.. Быў час — калі дзеўкі любілі нас.. Пчолка рада квету, а чалавек — лету…Лепшая вадзіца з роднай крыніцы… Садок садзіць — жыццё харашыць.. А я роду не такога, каб любіць абы якога… Вясновы дзень год корміць… Увосень у ўгосці просім… Хто скуль, а мы тутэйшыя… Сядзем у рад — тата будзе рад…. Няма тое крамы, каб прадаваліся мамы….Татава хата ўсім багата..  .
Акрамя сваіх карцін Яўген Сямёнавіч прывёз і падарыў нашаму музею некалькі кніг, брашур з аўтографамі. За што мы вельмі ўдзячны земляку.
Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945-1970гг.) - Мн.: навука і тэхніка, 1971. -144 с, іл. З аўтографам аўтара Яўгену Буслу. Яўгену Буслу з пажаданнем стаць класікам беларускай карыкатуры в. Шматаў. 14.1. 72
Яшчэ ў 1972 годзе Віктар Шматаў (вядомы мастак , беларускі мастацтвавед, аўтар шерагу    кніг аб беларускім мастацтве) падарыў Яўгену Буслу сваю кнігу з аўтографам Яўгену Буслу з пажаданнем стаць класікам беларускай карыкатуры В. Шматаў. 14.1. 72
Пажаданне даследчыка беларускага мастацтва здейснілася. Больш за тры дзесятка гадоў Я.С. працаваў у сатырычным часопісе “Вожык”.  …“Карыкатуры Бусла прывабліваюць прастатой вырашэння тэмы і адметным лаканізмам выяўленча-вобразнай сістэмы. У шмат якіх яго працах удала спалучаецца рэалізм і ўмоўная форма выяўлення. Яго малюнак лёгкі і ў той час змястоўны. Колер дапамагае выказаць мест. Бусел трактуе колерам толькі тыя дэталі, якія “працуюць” на тэму” с.115-118.
Значны след пакінуў мастак у “Агітплакаце”. Яго яркія, запамінальныя карыкатурныя плакаты не згубілі актуальнасці і сёння. П’янства, хабарніства, бюракратызм, гультайства,праблемы экалогіі, маралі, этыкі – тэмы вечныя.



 у жніўні 2013 года Бусел Яўген Сямёнавіч перадаў у дар музею гісторыі вёскі Дуброва чатыры свае карціны : 
“…Цвіла ружа ў агародзе…” , 
“Пчолка рада квету, а чалавек лету”, 
“Тут і я, туті жонка мая, тут і мае дзеці — люба паглядзеці”,   “Лепшая вадзіца з роднае крыніцы”.
 Таксама  Яўген Сямёнавіч перадаў  музею брашюры са сваімі карыкатурамі.






Комментариев нет:

Отправить комментарий