Жыццё часта бывае несправядлівым. Як пісаў беларускі
класік Францішак Багушэвіч -“Бог
няроўна дзеліць”. Камусьці жывецца адносна лёгка, а іншаму выпадае шмат цяжкіх
жыццёвых выпрабаванняў. Да другой катэгорыі можна аднесьці нашага земляка,
якому 14 лютага спаўняецца 85 гадоў. Бусел Яўген Сямёнавіч нарадзіўся ў
лютым 1936 года ў в. Міхайлаўка
Парыцкага раёна. Бацька яго быў родам з вёскі Зарэчча, сам недоўга, але хадзіў у Дуброўскую школу, дый і яго
родная Міхайлаўка побач з Дубровай.
Таму, Яўген Сямёнавіч казаў: “Лічу сябе вашым земляком”. Імя знакамітага земляка на старонках
Беларускай энцыклапедыі і іншых энцыклапедый і слоўнікаў па мастацтву. Член
Саюза мастакоў СССР і Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Па маёй просьбе ў 2001 годзе ён напісаў сваю аўтабіяграфію.
Вось што піша сам Яўген
Сямёнавіч: “Дзяцінства маё прыпала на
ваеннае ліхалецце. Пасля таго, як немцы забілі майго дзядзьку за сувязь з
партызанамі, над усёй раднёй навісла пагроза расправы з боку немцаў. У адну з начэй
тры сям’і па дамоўленнасці з партызанамі пераехалі ў партызанскі атрад, дзе
бацька і ваяваў. Дарэчы, гэты наш атрад перабіў язмінскіх (в. Язвін) паліцаяў
але, нажаль, і бацька загінуў ад фашыстскай кулі. Пахаваны ён ў палескіх лясах,
і мая пакойная маці ўжо пасля вайны не змагла знайсці яго магілу. Калі
вызвалілі нашу вёску, мы прыехалі на сваё папялішча”...
Жыццё стала наладжвацца. У Міхайлаўцы была адкрыта
пачатковая школа, якую паспеў да трагедыі скончыць Яўген. Далей трэба было
хадзіць у Дуброву. Пад час канікулаў
ён і некалькі яго сяброў падарваліся гранатай. Пасля вайны такія выпадкі былі
не рэдкасць. На жаль, хлапчуку, якому наканавана было стаць мастаком, у якога
быў талент да малявання, дасталося больш за ўсіх - ён застаўся без абедзьвюх рук. Разумеючы, што
з такім калецтвам у вёсцы яму будзе цяжка, маці ўладкавала яго ў дзіцячы дом у Рэчыцы. Ў няпоўных дванадцаць гадоў ён
быў вымушаны пайсці з дому.
У 1954 годзе паступіў
на гістарычнае аддзяленне БГУ імя Леніна, дзе правучыўся тры гады. Але цяга да
мастацтва прымусіла яго паступіць у філіял Маскоўскага паліграфічнага
інстытута, які быў на той час адкрыты ў Мінску. Пасля заканчэння стаў працаваць
пазаштатным мастаком у часопісе “Вожык”,
і адначасова працаваў мастаком на Мінскай мастацка-галантарэйнай фабрыцы, а
таксама выконваў многія творчыя работы. Першыя яго карыкатуры з’явіліся яшчэ ў дзетдомаўскай насценнай
газеце.
У 1964 годзе
прафесійныя малюнкі Яўгена Бусла з’явіліся ў сатырычным часопісе “Вожык”. З
таго часу больш як на доўгія тры дзесяткі гадоў лёс цесна звязаў мастака з
гэтым часопісам. Ён стаў адным з актыўных яго аўтараў, з’яўляючыся адначасова і
членам рэдкалегіі.
У 1972 годзе Віктар Шматаў - вядомы мастак ,
беларускі мастацтвавед, аўтар шерагу
кніг аб беларускім мастацтве, дорачы Яўгену Буслу сваю кнігу, напісаў “Яўгену Буслу з пажаданнем стаць класікам
беларускай карыкатуры В. Шматаў. 14.1. 72 “
Пажаданне даследчыка беларускага мастацтва здейснілася.
Вось як пішуць аб ім прафесіяналы “Карыкатуры Бусла прывабліваюць прастатой вырашэння
тэмы і адметным лаканізмам выяўленча-вобразнай сістэмы. У шмат якіх яго працах
удала спалучаецца рэалізм і ўмоўная форма выяўлення. Яго малюнак лёгкі і ў той
час змястоўны. Колер дапамагае выказаць мест. Бусел трактуе колерам толькі тыя
дэталі, якія “працуюць” на тэму”.
Значны след пакінуў мастак у “Агітплакаце”. Яго яркія, запамінальныя карыкатурныя плакаты не
згубілі актуальнасці і сёння. П’янства, хабарніства, бюракратызм, гультайства,
праблемы экалогіі, маралі, этыкі – тэмы вечныя.
Таленавітаму мастаку блізкія па духу беларускі фальклор,
народны лубок, прывабліваюць тэмы жанчыны і сям’і. Усё гэта ён адлюстроўвае ў
сваёй разнастайнай творчасці. Прыказкі і прымаўкі, якія мастак адлюстраваў
пзндзелем: Ой, ляцелі гусі з сіняга Дунаю… А чаму ты не прышоў, калі месяц
узышоў?... Цвіла ружа ў агародзе… Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра…
Маладзіцы, як брусніцы.. Быў час — калі дзеўкі любілі нас… Пчолка рада квету, а
чалавек — лету… Лепшая вадзіца з роднай крыніцы… Садок садзіць — жыццё
харашыць… А я роду не такога, каб любіць абы якога… Вясновы дзень год корміць…
Увосень у ўгосці просім… Хто скуль, а мы тутэйшыя… Сядзем у рад — тата будзе
рад…. Няма тое крамы, каб прадаваліся мамы….Татава хата ўсім багата...
Яўген Бусел удзельнік шматлікіх міжнародных і
рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх яго працы атрымлівалі высокую
ацэнку. Яго творы ў фондах многіх музеяў Беларусі і не толькі.
Жыў мастак у Мінску.
У яго двое дарослых дзяцей і трое ўнукаў. Сын Ян пайшоў па слядах бацькі - выкладчык
Беларускай мастацкай акадэміі. Дачка працуе ў дзіцячай паліклініцы. Прыязжаючы
на лета ў родную Міхайлаўку, мастак прывёз ў падарунак землякам чатыры свае
карціны.
28 красавіка 2018
года Яўген Сямёнавіч пайшоў у лепшы свет.
На малой радзіме
памятаюць і ганарацца таленавітым земляком, які здолеў насуперак лёсу не здрадзіць свайму таленту.
Напярэдадні юбілею мастака ў
музеі гісторыі вёскі Дуброва адбылася размова каля карцін “Беларускія прыказкі і прымаўкі вачыма мастака”.
Выявы карцін
настолькі выразныя, што нават калі б не было надпісаў, то сэнс іх быў усёроўна зразумелы
–
“…Цвіла ружа ў агародзе…” ,
“Пчолка рада квету, а чалавек лету”,
“Тут і я, тут і жонка мая, тут і мае дзеці —
люба паглядзеці”,
“Лепшая вадзіца з
роднае крыніцы”.
Акрамя карцін мастак падарыў некалькі кніжачак са сваімі карыкатурамі, падпісаўшы іх на добрую памяць.
Бібліятэкар, загадчыца музея гісторыі вёскі Дуброва Л.Ф. Бусел,
11.02.2021., Дуброва.
Комментариев нет:
Отправить комментарий