суббота, 3 марта 2018 г.

Прачытана бібліятэкарам: Х. Жычка Косць твая і плоць твая



Косць твая і плоць твая: аповесць/ Хведар Жычка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 191 с : іл.
Не скажу, што я не чула раней пра пісьменніка Хведара Жычку. Не вельмі шмат, але ведала. Ёсць некалькі яго кніг вершаў у фондзе. А тут трапіла на вочы яго кніга “Косць твая і плоць твая”. Паступіла да нас яна раней, але нейк так выйшла, што засталася без увагі чытачоў. Асобнай кнігай  аповесць «Косць твая і плоць твая» выдадзена  ў 2014 годзе.
 Як заўсёды, пагартала, пачытала выбарачна і зразумела, што кніга добрая. Чытаецца лёгка. Здаецца тыя падзеі маглі адбыцца і ў нашай вёсцы, і ў любой іншай.
Звычайная беларуская вёска. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Людзям трэба была рашаць, як жыць: ісці ў паліцыю служыць? ці дапамагаць партызанам? Выбар ёсць заўсёды. Сын паважанага калгасніка, перадавіка, які касіў ў калгасе  па гэктару сена, запісаўся ў паліцыю. Як бацькам прыняць гэта? Як глядзець людзям у вочы? Бацька спрабуе зрабіць так, каб сын перайшоў да партызан, выканаўшы які-небудзь іхні загад. Але сыну не ўдаецца выканаць тое заданне, і партызаны забіваюць паліцая. Бацька пахаваў сына ўпотайкі, жонцы, якая ляжала з тыфам, нічога не сказаў. Шмат гадоў захоўвываў гэтую тайну ад жонкі, ад аднавяскоўцаў. Потым, калі пасля вайны загінуўшых сталі пераносіць ў агульную магілу, ён здолеў і свайго сына-паліцая выдаць за чырвонаармейца і перахаваць з салдатамі…
Выйшла так, што суседка, муж якой загінуў на фронце, нарадзіла ад іх сына-паліцая хлопчыка. Знешняе падабенства не давала падставы сумневацца ў гэтым. Але  ўсё складана…  Няма сына, нельга прызнаць унука…
Цікавая сюжэтная лінія пра лёс абедзьвух дачок галоўнага героя.
Чытаешь і разумееш, што ўсё гэта было на самой справе…
Зацікавілась біяграфіяй пісьменніка. Нарадзіўся ў суседнім з намі раёне Жлобінскім, п. Марс. Гады жыцця 1927-2007. Добра, што кніга папала мне ў рукі. Зараз яна ўжо не хутка займе свае месца на полцы. Чытачы ўпадабалі яе пасля маёй рэкламы.
Пытайце гэтую кнігу ў бібліятэках.
Аўтар блога Людміла Бусел, 03.03.2018.

Комментариев нет:

Отправить комментарий