четверг, 26 апреля 2018 г.

#судьбы_земляков Бусел Яўген Сямёнавіч: судьбы наших земляков






Як часта жыццё бывае нясправядліва, як пісаў Ф. Багушэвіч “Бог няроўна дзеліць”. Камусьці жывецца адносна лёгка, а іншаму выпадае шмат цяжкіх выпрабаванняў. Да другой катэгорыі можна аднесьці нашага земляка, аб якім пойдзе ніжэй размова.  Бусел Яўген Сямёнавіч нарадзіўся ў лютым 1936 года ў в. Міхайлаўка. Бацька яго быў родам з вёскі Зарэчча, сам троху хадзіў у школу ў Дуброву, дый і яго родная Міхайлаўка- побач. Таму ён мне казаў: “Лічу сябе вашым земляком”.   Імя знакамітага земляка на старонках Беларускай энцыклапедыі і іншых энцыклапедый і слоўнікаў па мастацтву. Член Саюза мастакоў СССР і Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
Расказвае сам Яўген Сямёнавіч: “Дзяцінства мае прыпала на ваеннае ліхалецце. Пасля таго, як немцы забілі майго дзядзьку за сувязь з партызанамі, над усёй раднёй навісла пагроза расправы. У адну з начэй тры сям’і па дамоўленнасці з партызанамі пераехалі ў партызанскі атрад, дзе бацька і ваяваў. Дарэчы, гэты наш атрад перабіў язмінскіх (в. Язвін) паліцаяў але, нажаль, і бацька загінуў ад фашыстскай кулі. Пахаваны ён ў палескіх лясах, і мая пакойная маці ўжо пасля вайны не змагла знайсці яго магілу. Калі вызвалілі нашу вёску, мы прыехалі на сваё папялішча”...
Жыццё стала наладжвацца. У вёсцы была адкрыта пачатковая школа, якую паспеў да трагедыі скончыць Яўген. Далей трэба было хадзіць у Дуброву. Пад час канікулаў ён і некалькі яго сяброў падарваліся гранатай. Пасля вайны такія выпадкі былі не рэдкасць. На жаль, хлапчуку, якому наканавана было стаць мастаком, у якога быў сапраўдны талент да малявання, дасталося больш за ўсіх -  ён застаўся без абедзьвюх рук. Разумеючы, што з такім калецтвам у вёсцы яму будзе цяжка, маці ўладкавала яго ў дзіцячы дом у Рэчыцы. Ў няпоўных дванадцаць гадоў ён быў вымушаны пайсці з дому.
У 1954 годзе паступіў на гістарычнае аддзяленне БГУ імя Леніна ў Мінску, дзе правучыўся тры гады. Але цяга да мастацтва прымусіла яго паступіць у філіял Маскоўскага паліграфічнага інстытута, які быў на той час адкрыты ў Мінску. Пасля заканчэння стаў працаваць пазаштатным мастаком у часопісе “Вожык”, і адначасова працаваў мастаком на Мінскай мастацка-галантарэйнай фабрыцы, а таксама выконваў многія творчыя работы. Першыя яго карыкатуры былі размешчаны яшчэ ў дзетдомаўскай насценнай газеце.
У 1964 годзе прафесійныя малюнкі Яўгена Бусла з’явіліся ў сатырычным часопісе “Вожык”. З таго часу больш як на доўгіх тры дзесяткі гадоў лёс цесна звязаў мастака з гэтым часопісам. Ён стаў адным з актыўных яго аўтараў, з’яўляючыся адначасова і членам рэдкалегіі.
 У 1972 годзе Віктар Шматаў - вядомы мастак , беларускі мастацтвавед, аўтар шерагу   кніг аб беларускім мастацтве, калі дарыў Яўгену Буслу сваю кнігу, напісаў Яўгену Буслу з пажаданнем стаць класікам беларускай карыкатуры В. Шматаў. 14.1. 72 “
Пажаданне вядомага даследчыка беларускага мастацтва здейснілася. Вось як пішуць аб ім прафесіяналы “Карыкатуры Бусла прывабліваюць прастатой вырашэння тэмы і адметным лаканізмам выяўленча-вобразнай сістэмы. У шмат якіх яго працах удала спалучаецца рэалізм і ўмоўная форма выяўлення. Яго малюнак лёгкі і ў той час змястоўны. Колер дапамагае выказаць змест. Бусел трактуе колерам толькі тыя дэталі, якія “працуюць на тэму".
Значны след пакінуў мастак у “Агітплакаце”. Яго яркія, запамінальныя карыкатурныя плакаты не згубілі актуальнасці і сёння. П’янства, хабарніства, бюракратызм, гультайства, праблемы экалогіі, маралі, этыкі – тэмы вечныя.
Таленавітаму мастаку блізкія па духу беларускі фальклор, народны лубок, прывабліваюць тэмы жанчыны і сям’і. Усё гэта ён адлюстроўвае ў сваёй разнастайнай творчасці. Прыказкі і прымаўкі, якія мастак адлюстраваў пзндзелем: Ой, ляцелі гусі з сіняга Дунаю… А чаму ты не прышоў, калі месяц узышоў?... Цвіла ружа ў агародзе… Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра… Маладзіцы, як брусніцы.. Быў час — калі дзеўкі любілі нас… Пчолка рада квету, а чалавек — лету… Лепшая вадзіца з роднай крыніцы… Садок садзіць — жыццё харашыць… А я роду не такога, каб любіць абы якога… Вяснавы дзень год корміць… Увосень у ўгосці просім… Хто скуль, а мы тутэйшыя… Сядзем у рад — тата будзе рад…. Няма тое крамы, дзе б прадаваліся мамы….Татава хата ўсім багата...
Яўген Бусел удзельнік шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак, на якіх яго працы атрымлівалі высокую ацэнку. Яго творы ў фондах многіх музеяў Беларусі і не толькі.
Жыве мастак у Мінску. У яго двое дарослых дзяцей і трое ўнукаў. Сын пайшоў па слядах бацькі - выкладчык у Мастацкай Акадэміі. Дачка працуе ў дзіцячай паліклініцы. Прыязжаючы некалькі гадоў таму на лета ў родную Міхайлаўку, прывёз мастак чатыры свае карціны ў падарунак музею гісторыі вёскі Дуброва. На малой радзіме памятаюць таленавітага земляка, захоўваюць ўдзячную памяць аб ім і яго творчасці.
 Да ўсяго бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі, аўтаргэтага  блога Бусел Людміла. 26.04.2018
Гэты пост я напісала 26 красавіка, а праз два дні 28.04.2018 Яўген Сямёнавіч памёр. Я не ведала, што ён так блізка да лепшага свету, калі  пісала аб ім у рубрыцы "Лёсы нашых зямлякоў". Звесткі аб ім былі раней размешчаны на старонцы гэтага блога "Знакамітыя землякі". Мае шчырыя спачуванні родным і блізкім мастака. Няхай зямля будзе яму пухам!  03.05.2018
22 мая 2018 ў газеце "Светлагорскія навіны"  пад маім прозвішчам выйшаў артыкул "Насуперак лёсу".  Невялікія недакладнасці толькі дзьве - Язвін (па-колісьняму Язмін, язмінскіх паліцаяў) , я не памылілася; і напрыканцы - не сумуем, а смуткуем  па ім. Хаця, сум і смутак, амаль адно і тое. Калі атрымаецца, сканірую артыкул сюды ў блог.

26.05.2018 г. артыкул з раённай газеты.

Комментариев нет:

Отправить комментарий