вторник, 1 декабря 2020 г.

#ЧтоПочитать:Не шукай слядоў сваіх. А. Марціновіч

 Марціновіч А. Не шукай слядоў сваіх.- Мн.: Маст. літ., 1983.- 328 с., іл.- (Беларускі раман).



“Не шукай слядоў сваіх” раман з такой назвай прачытала зусім недаўна. Аўтар Аркадзь Марціновіч беларускі пісьменнік 1920 года нараджэння, памёр у 2009 годзе. Напісаў пра тое, што перажыў сам.  Яго раман ва многім аўтабіяграфічны. Але пра гэта  даведалася  пасля, калі прачытала ў Вікіпедыі яго біяграфію. Не выпадкова, значыць, ён трапіўся  мне ў рукі. Люблю, калі пішуць пра тое, што  адбывалася з імі асабіста.

Галоўны герой, па сутнасці, адзін - лейтэнант  Віктар Раманіцкі. Апавяданне ідзе ад першага твару. Узгадываюцца беларускія гарады і мясцечкі - Гомель, Бабруйск... Кампазіцыю твора складаюць успаміны галоўнага героя ўжо ў сталым узросце. У дзевятнаццаць гадоў ён трапляе на фінскую вайну, потым Вялікая Айчынная, тройчы быў паранены. Вайсковае званне лейтэнант, але ў адным з баёў камандаваў ротай. Ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ўзнагарод магло быць болей, але ваяваць давялося ў цяжкія першыя два гады Вялікай Айчыннай, калі армія цярпела паражэнні. Пасля трэццяга ранення, на фронт болей не трапіў – пакінулі ў снайперскай школе. Сярэдняя Азія, Україна, барацьба з бандэраўцамі – лёгка не было. Пасля заканчэння вайны працаваў ў пункце рэпатрыацыі, тысячы людзей вярталіся на радзіму.

Раман “Не шукай слядоў сваіх” – не толькі пра вайну. Лейтэнант малады беларускі хлопец. А дзе маладосць, там каханне. Пазнаёміўся з дзяўчынай студэнткай педвуза Ладай. Пасля яго пераводзяць у іншае месца, і сувязь толькі праз пісьмы. Дзяўчына прысылае фатаздымкі, піша, што кахае, просіць верыць ёй, што чакае. Віктар Раманіцкі лічыць яе сваёй нявестай, плануе ажаніцца. Але, гэтаму не суджана збыцца. Лада перастае адказваць на пісьмы, лейтэнант ў трывозе. Яму не верыцца, што Лада магла паступіць з ім дрэнна.Ён нават падазрае бібліятэкарку Кацю, што яна знішчае пісьмы ад яго каханай. І толькі праз даволі працяглы час ён даведываецца з ліста сяброўкі Лады, што яна выйшла замуж…

У творы шчырыя ўспаміны лейтэнанта пра тых людзей, з кім зводзіў яго лёс- на фронце, у тыле. Не ўсе былі героямі і патрыётамі. Былі і такія, што не рваліся на фронт, туляліся па тылах, карыстаючыся неразбярыхай на перасыльных пунктах. Хто жыў па прынцыпе “вайна ўсё зпіша”, не асабліва хвалюючыся пра мараль і этыку.

Раман напісаны добрай, выразнай мовай, чытаецца лёгка і з цікавасцю. Іван Навуменка  крытычны артыкул аб рамане назваў “Споведзь ад імя пакалення”. Сапраўды, маладосць целага пакалення выпала на вайну. І гэта не магло прайсці без сляда. Цікавыя разважанні героя на розныя жыццёвыя тэмы.

Кнігу чытала і вам аб ёй расказала Людміла Бусел. 01.12.2020.

Комментариев нет:

Отправить комментарий