Бусел Степанида Ефимовна (1919-2009гг)
Бусел Степаніда Яўфімаўна
нарадзілася ў 1919 годзе ў вёсцы Дуброва. Тут, як яна сама кажа, і “звекавала”.
У маладосці была пявунняй і завадзілай. Ёй заўсёды казалі: “Сцёпа, пачынай!”, і
яна зацягвала песню, астатнія падхоплівалі. У 2006-2009гг. Са слоў бабы Сцёпы (Дзюля - вясковая мянушка) сельскі бібліятэкар (Бусел Л.Ф.) запісала шмат песень, якія спявалі колісь ў
Дуброве. “Гэтыя песні гучалі колісь на вяселлях, на вячорках, па святах і
буднях. Збіраліся мы маладыя ў каго-небудзь у хаце, пралі кудзелю, сучылі ніткі
і, каб вяселей было, спявалі. Прадом, бывала, аж губы да крыві папрапрадуем,
кастрыцай расцярэбім. Узімку цёмніцца рана, дык збіраемся на вячоркі. Наймаем
скрыпача і танцуем. Плацілі гуртам, хто што прынясе, хто яечак колькі, сала,
круп. Хлопцы - газы (керасіну), лучыны, каб святло было ў хаце. Да вайны, як
царкву пад клуб перадзелалі, плясалі польку там. Толькі чулася: “Полька —
улева. Полька — управа!”. ”
Замуж пайшла за аднавяскоўца,
хлопца звалі Міна. Аднойчы дала яму скуру,
што падшываюць чабаты, дык у вёсцы сталі смяяцца: “Пасаг папярод сватоў дала”.
Памёр бацька, як было жыць,
пайшла на ферму працаваць. “Ах, дзядюхна,
я ж нічога не ўмею!”. Але ўсяму
навучылася. Свіней даглядала з Марыяй
Карпавай. Добра памятае бабуля Сцёпа, як арганізоўвалі
калгас “Чырвоная Дуброва”. Забралі ў іх вала, авечку на калгасны двор. Потым
трэба было хадзіць, выпісываць таго вала, каб гной вывезці на поле. Як баяліся гаспадары, каб не папасьці пад
“цвёрдае заданне”, на высылку. Калі не пайшоў ў калгас, запішуць у аднаасобнікі
і вышлюць.
Цікава расказвае жанчына пра
вяселле сваёй старэйшай сястры Настулі
(1913 года нараджэння), ў 16 гадоў замуж пайшла. “Княжы”, дружкі жаніха Сцяпана
(сваты) прыехалі з Прудка на конях упрыгожаных. На дугах кветкі прычэпляныя, з
“елкай” (ветка, упрыгожаная кветкамі). Ідуць з гармоняю і турэцкім барабанам.
Музыка (аднавокі) наёмны граў тры дні на вяселлі. Жылі бедна. Настуля (нявеста) раздала адрэзы тканіны сяброўкам, каб яны маглі іх падарыць маладым на вясяллі.
Быў такі выпадак з дуброўскай
маладой. Здарылася гэта ў 30-х гадах XX стагоддзя.
Калі вясельная дружына пераплывала на пароме праз раку Беразіну ў
Парычах, каснік* нявесты ўпаў ў ваду. Усе ахнулі, што нядобры гэта знак. Але жыла
тая сям’я доўга і шчасліва. Запісана ў 2005 годзе бібліятэкарам Бусел Людмілай
Фёдараўнай ад Бусел Сцепаніды Яфімаўны, 1919 г.н.
Касн´ік* — вузкія стужкі з каляровай тканіны: шаўковыя, баваўняныя з
даматканай шарсцінкі.
Нядоўгім было замужжа самой бабулі Сцёпы, нават дзяцей не
паспелі завесці. Муж яе, Міна, загінуў у войну. Сцепаніде таксама ў войну
хапіла гора.
“ У Сецішч у лесе, у зямлянцы
былі. У Вузнаж адправілі варыць, праць
(сціраць) салдатам. Удвох з Полькай Пракопавай
кажухі панадзевалі і пайшлі. У хатцы там памыліся”.
Перабалела тыфам. “Ляжала на Валу
ў шалашы, кідалася ў бяспамяцтве. Троху жар спаў. Зазірнуў ў будан салдат,
пытае: “Чаго ляжыш, маладая, ў Дуброве нашы ўжо”. Я паднялася, хоць зусім
слабая была і пабрала дамоў, на палку апераючыся. Прытыка гарыць, Марцінаўка
відна. Правялі да Марцінаўкі салдаты. Мінала Мартынаўку, прысела адпачыць каля хат.
Мужчыны старыя хамуты шыюць, адзёжы склады, валёнкі, чаботы. Ногі папухлі, ў лаптях абута. Повар салдат, пабачыў
мяне, даў блінца з салам, тук (жыр) так і капаў з яго. Паспрабавала есьці, не змагла, хоць даўно
нічога не было ў роце. Аддала блін той дзеду, які сядзеў на прысьбе. Такая слабая
была, што не было сіл жаваць, сківіцамі варушыць. У Дуброве на Васілёвай дарозе патруль спыніў. Нашы ў Дуброве, ў Сіняўцы – немцы.
Страляюць, фронт стаіць. Грэблю ў тры накаты зрабілі.
У Настулі сястры 4 гады пасля
вайны жыла. Карову з бежанцаў прывялі. “Вось кароўка, картоплікі, будзем жыць!”
Так яна і пражыла свае доўгае жыццё адна. Весь
час працавала ў калгасе -даглядала жывёлу, работала ў паляводстве.
Да самых сталых гадоў бабуля
Сцёпа захавала добрую памяць. Памятала вершы са школьных падручнікаў, якія
вучыла яшчэ ў маленстве.
Шмат розных песень ведала яна: і
вясельных, і вялікодных.
Чытала кнігі без акуляраў. Даволі рэгулярна
прыходзіла ў сельскую бібліятэку. Любіла чытаць кнігі пра вайну, пра Жукава,
Ракасоўскага, Брэстскую крэпасць, пісьмы з фронта. У яе самой былі пісьмы з
фронту, фатаграфіі ад мужа ў яго штанах схаваныя. Яны
былі закопаныя ў яму на агародзе ў вузле. Потым з ёй былі. Нехта выкраў, пакуль
яна хварэла, яны ў карманах мужніных
штаноў былі. А тыя штаны скралі, пакуль хварэла на тыф, разам з пісьмамі.
Прачытае нешта цікавае ў газеце і
расказвае потым суседкам. Апошнюю кнігу “Повесть о Зое і Шуре” не паспела здаць
ў бібліятэку, памерла. Не лежала зусім. Зрабілася дрэнна, ўпала даўленне,
пазвалі медсястру, тая зрабіла укол. Сядзелі каля яе родныя. “Ідзіце дадому, мне лепей”. Замкнулі яе ў хаце
і пайшлі дамоў, сама адправіла. Уранні прыйшлі, а яна заснула навекі.
Сцепаніда Яўфімаўна – жанчына
вельмі сталага ўзросту, але жвавая, добра памятае тое, што было вельмі даўно.
Баба Сцёпа да гэтага часу (на дзевятым дзесятку свайго веку) добра памятае тыя
песні, якія спявала раней. Яна рана засталася ўдавой, муж загінуў ў Вялікую
Айчынную вайну. Цяпер таксама жыве адна. Дапамагае пляменніцы і яе дзецям ва
ўсіх гаспадарчых і палявых работах. З ежы аддае перавагу ўсяму хатняму, свайму,
не ўжывае куплёных каўбас, есць толькі
сала.
Бабуля
Сцёпа расказвае: “Гэтыя песні спявалі колісь на вяселлях, на вячорках, на
працы. Збяромся і спяваем, наймалі скрыпача і танцавалі маладыя. На працы
таксама шмат спявалі. Здавалася, песня дапамагала рабіць”
“Шмат песен было вясельных. Раней замуж ішлі за
таго, каго выбяруць бацькі, ці хто пасватаецца, сільна не перабіралі. Казалі: “Ад
перабораў, адны аборы” (завязкі на лапцях). Колісь казалі: ”Злучыў бог з
свіннёю, трэба жыць і з ёю.” Вянчаў бацюшка ў царкве.
Закасяне ва двор едуць,
А куркі пад печ бягуць.
Не пужайцеся, куркі,
Мы вас не чапаем.
У вас нявеста ёсць,
Яе выкупаем. (спявалі, калі прыходзілі сватаць)
Калі
прыязджалі сваты (дружкі, дружына), наперадзе неслі “елку” – зялёную хвою,
упрыгожаную разнакаляровымі стужкамі, папяровымі кветкамі і бохан хлеба.
Дзяўчаты імкнуліся зламіць шчычок елкі, каб таксама пайсці замуж. Дружкі
баранілі, не давалі гэтага зрабіць. Елка была воткнута ў бохан хлеба.
***
Наш
Васілька, ясны пан.
Як ўехаў ў
двор, двор заззяў.
Падыйшоў да
акенца, шапку зняў,
Ён сваёй
Ганулечцы “Добры дзень” даў.
Добры
дзень, дзеванька, сэрца мае,
А ці
скучыла, Ганначка, без мяне?
***
Гула пчолка /2 разы
Гудучы паляцела.
Аддай мяне мой бацюхна,
За каго я не хацела.
З кім любілася ды кахалася,
З тым расталася.
А з каго кпіла, смяялася,
За таго папалася.
***
Бывайце
здаровы бацьковы парогі
Дзе хадзілі
мае босыя ногі.
Болей
хадзіці тут я не буду,
Каго я
любіла любіці не буду
****
Ля новага калодзезя
Анютка ваду
брала
Ды ў свой бок паглядала.
Набрала два вядзерцы,
Паставіла на калодзезі.
Прыляцелі два галубчыкі,
Сталі тую ваду піці,
Крылейкам аб лёд біці.
Галубчыкі мае сівыя,
Паляціце ў маю старану,
Накажыце майму бацюхну.
Ці я тут запрададзена?
Ці дарам аддадзена?
Калі я запрададзена,
Няхай едуць адкупаюць.
Калі дарам аддадзена,
Няхай едуць адвядаюць.
Сцепаніда Яўфімаўна ўжывае ў сваёй мове такія
словы, якіх зараз ўжо не выкарыстоўваюць сучасныя дуброўцы - цётухна, дзядзюхна, свякрухна, цесцюхна,
нявехня.
Все эти песни баба Стёпа пела, я очень жалела, что
не имела возможности записать на магнитофон. Они ещё долго звучали в моёй
памяти.
Записано и
обработано в 2006 году Бусел Л.Ф., Дуброва
первая слева Бусел Степанида
Бусел С.Е.
Комментариев нет:
Отправить комментарий