Набліжаецца да
завяршэння 2021 год. Час напрыканцы ляціць нейк зусім хутка. Падвожу вынікі,
пішу справаздачы, заканчываю пачатыя справы. І вось, знайшла запіс: “Напісаць пост пра
Рыту і яе верш”. Ага, Рыта – гэта дзяўчына-студэнтка ВНУ з нашай вёскі. У жніўні
яна звярталася да мяне па дапамогу наконт фальклорнай практыкі. Вядома, я ёй
дапамагла, чым магла. Рыта атрымала добрую адзнаку і, мабыць, гэта паспрыяла таму, што яна напісала верш на гэтую тэму. Верш чытайце
ніжэй, а зараз крыху таго, што я гаварыла тады Маргарыце.
У наступным годзе
Дуброва будзе адзначаць 430 гаддзе.
Завуць мяне Людміла
Фёдараўна Бусел. Дарэчы, Бусел – прозвішча карэнных жыхароў нашай вёскі. Больш
за 35 гадоў я працую ў Дуброўскай сельскай бібліятэцы. Адным з накірункаў
работы бібліятэкі з’яўляецца краязнаўства. Усе бібліятэкары, у тым ліку і я,
вядуць летапісы сваіх вёсак. Пад час працы мною сабрана
немала аўтэнтычнага фальклору. Гэта - прыказкі і прымаўкі, песьні, абрады,
дыялэкты, тапонімы…
Час не стаіць на
месцы, многія з тых, ад каго я запісывала гэты матэрыял, пайшлі ў іншы свет. Але
складзены картатэкі, заведзены папкі. Восьмы год бібліятэка мае свой блог у
Інтэрнэце, дзе і размешчаны гэты ўнікальны матэрыял.
Шмат чаго было
запісана ад Бусел Сцяпаніды Яфімаўны, 1919 года нараджэння. Яна добра спявала,
ведала многа песень, якія спявалі колісь у Дуброве. Ад яе мне стала вядома
слова “каснік”. Што жа такое каснік? Касні´к — вянок з вузкіх каляровых стужак на галаве нявесты.
Ал слова косы, валасы. Яна расказала такую гісторыю. Сястра яе ішла замуж
за раку. Калі вясельная дружына пераплывала на
пароме ў Парычах Беразіну каснік нявесты
ў ваду ўпаў. Усе зіхнулі- ахнулі. Прымета такая, калі нявеста згубіць каснік,
жыць дрэнна будуць. Але жылі яны добра.
Пазней я пачула
прыказку “Беднай ўдаве каснік не ўгалаве”. Гэта значыць, што жанчына,
якая засталася без мужа, не думае пра вяселле, у яе зусім іншыя клопаты, калі
яна яшчэ і небагатая.
Злучыў Бог з свіннёю,
трэба жыць і з ёю. Даводзіцца жыць з тым
чалавекам з якім звёў лёс. Запісана ў в. Дуброва ў 1997 годзе ад Дайнека Мар’і Васільеўны, 1929 г.н.
Ад перабораў, адны аборы – таксама казалі у Дуброве. Калі нехта вельмі доўга ды прыдзірліва нешта выбірае, то можа і прагадаць.
Цікава размаўляе Мазур Надзея Іванаўна, 1933 г.н. Яна
дагэтуль ужывае прымаўкі і прыказкі,
якія былі ў мове дуброўцаў раней.
За дурною галавою-
нагам няма пакою. Запісана ў
2008 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н. Калі нешта забудзеш, прыходзіцца вяртацца.
За шкварку сала, сем
вёрст драла. Па нейкай
пустой, невялікай, марнай справе далёка ехаць, ці ісці. Запісана ў
2008 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н
На мае бяздолле,
ліхое надвор’е. Запісана
у 2010 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны.
Хутка едзеш — бяду дагоніш,
ціха едзеш — яна цябе дагоніць.
Дрэнна калі спяшаешся, але і марудзіць не трэ. Запісана ў 2011 годзе ад Мазур Надзеі Іванаўны, 1933 г.н.
Не піва – дзіва, пасядзёнка дарага. Вялікую каштоўнасць мае не тое, што на стале, чым
угашчаюць госця, а сама бяседа, узаімаадносіны паміж людзьмі.
Яшчэ шмат розных
прыказак і прымавак, якія ўжываліся колісь нашымі аднавяскоўцамі.
25.08.2021.
Гэты файл захаваўся ў рабочым камп’ютэры. Гэта я гаварыла, а Маргарыта здымала на свой тэлефон. У той дзень ішоў моцны дождж, ён барабаніў па карнізах. Я падзялілася са студэнткай тым, што назбірала, запісала калісьці ў аднавяскоўцаў. Прайшоў нейкі час і мне даслалі верш, у якім некалькі строк прысвечана мне. Што, зразумела, прыемна. Я памятаю, што тады я была вельмі ўзрушала.
Фальклорная практыка. Страшныя словы
Для тых, хто сакрэты
шукаць не гатовы,
Хто мае жаданне, але не
находзіць
Прычыны, чаму ў яго не
выходзіць.
Не мае знаёмых яна
інфармантаў,
Але ўсё шукала. Гэх, не
атрымалась.
Яна — гэта я. Гэты верш
прысвячаю,
Тым, да каго падысці не
змагла я.
Сустрэлася з той, што
прыйшла ў ту хвіліну,
Калі я магла кінуць працу
сваю.
З усмешкай сустрэла і
кажа мне смела:
"Давай, не хвалюйся,
я дапамагу".
Прыгожа абставіла фон і
абрусы,
Пакінула папку сваю на
стале.
Там шмат інфармацыі, што
назбірала,
Калі шчэ адзінаццаць год
было мне.
І вось пачалі працаваць
мы. Чытае,
Яе я здымаю на свой
тэлефон.
На фоне дажджы па вакне
барабаняць,
А я чую голаса ласкавы
звон.
Я слухаю, думаю, як жа
цікава,
Як шмат я не ведала, шмат
прапускала...
Так, безумоўна, гэта
цікава.
Два відэа ёсць. Цяпер час
для кавы.
Новая раніца. Новая справа.
Бабуля прынесла мне сшытак малы.
У ім інфармацыя вельмі старая,
Але зацікавіць абрады змаглі.
Песні цікавыя, весела слухаць,
Традыцыі дзіўныя. Колькі прыгод!
Яшчэ ў канцы я знайшла дыялекты,
Якія цікавілі больш чым за год.
Даслала ўсё тое, што я набыла.
Цікава, але больш, на жаль, не змагла.
І ўсё ж я фальклор пранясу праз гады.
Але не жадаю такой я бяды,
Як смерць тых, хто ведаў, каго не спытаеш,
Каго мы ўжо страцілі, з кім не змаглі
Мы пець, танцаваць.
Бо малыя былі.
У сэрцы маім наш фальклор назаўжды.
Дзякуй вялiкi,Рыта, за верш.
ОтветитьУдалить