пятница, 24 декабря 2021 г.

Судьбы наших земляков: Бусел Никита

 заканчивается год, пытаюсь завершить начатое, разобрала свои записи...

Лёсы нашых зямлякоў. Бусел Мікіта (1858- ?), хутар Грынаўка – урочышча на поўдзень ад Дубровы. Цяжка не заблытацца ў перапетыях чужого жыцця.. Тым больш, што маёй сураўмоўцы 88 годаў, і яна часта збіваецца на розныя падзеі ў сваім жыцці. Але нейк паспрабуем разабрацца.

Са слоў Мазур Надзеі Антонаўны, 1933 г.р., жыхаркі вёскі Дуброва. Я заву яе баба Надзя.



“Дзед мой Бусел Мікіта  быў суддзёй Чэрнінскай воласці. Гэта бацька маёй мацяры.  Дзед жыў на хутары Грынаўка, Мікіта Гарыноўскі  (ад Грынаўка, па тіпу, Іван Масціцкі) казалі на яго людзі. А Павел  Гарыноўскі, яго сына.  Вось, як яго было па бацьку, не памятаю.  Зямлю ён купіў, быў ў яго дакумент на зямлю (купчая). Хату там паставіў, хлявы.  Маці казала, многа работалі: карчавалі, выпальвалі карчы і хмызняк, распрацоўвалі зямлю. Маці мая не любіла той Грынаўкі, недобрыя ўспаміны былі ў яе з ёю звязаны – цяжкая праца, сярод лесу, ад вёскі далека, двойчы рабавалі да сподняга”.

 Гаворыць баба Надзя: “Каця Жарая колісь, шчэ пры Таццяне казала: “Сёння кароў пасвіла на вашай Грынаўцы”. Потым лесам яе засадзілі, тую Грынаўку, не знойдзеш ужэ таго месца”. Тлумачэнні: Каця Жарая (Шчэрбін Кацярына Іванаўна, 1926 г.н.) пасціла калгасных кароў ва урочышчы Грынаўка, на зямлі распрацаванай Буслам Мікітай (дзедам Надзеі Іванаўны Мазур). Таццяна  (Бондзікава Таццяна Фёдараўна) з 1961 па 1972 гады старшыня калгаса.

 Распытваю Мазур Надзею Іванаўну. Баба Надзя ведае пра даўнія падзеі са слоў сваёй маці – Бусел – Сілівончык- Дайнека Мар’і Мікітаўны. У яе бацькі было чатыры дачкі і сын. Дзеці Бусла Мікіты – Павел, Хіма, Просся, Алёна, Мар’я. Жонку гаспадара хутара звалі Аўдоцця (Аўдзюха). Аўдоцці ў сям’і было дзьве. Таксама Аўдоццяй звалі жонку сына Паўла. Каб іх адрозніваць - старэйшую звалі Аўдзюхай, а нявестку Аўдзюляй. 

Аповед ад імя Дайнека Мар’і Мікітаўны, ў пераказе яе дачкі (бабы Надзі). Жылі мы на Грынаўцы. Бацька судзёй ў Чэрніне працаваў, канем на работу ездзіў. Вайшла я ў нявесцін узрост. Аднойчы прыязжае ён з работы, дый і кажа: “Я нашай Мар’і жаніха высватаў”. Прыехалі сваты, з Семака (Гамза). Жаніх высокі, здаровы – Сілівончык, Мітрафанам завуць. Я яго да таго ў вочы не бачыла. Бацьку патрэбен быў памагаты, зямлі многа, работы таксама. Ён спадзяваўся, што зяць у прымах застанецца, памочнікам стане. А той работаць цяжка на зямлі не захацеў. “Паеду канем ў Парычы, ў жыдоў зараблю грошай”.  Падгаварываў мяне: “Хай бацька дасць каня, дык застануся”. А той не даў.

 Угаварыў мяне жыць у іх, у Семаку (Гамза). У ягонага бацькі 6 сыноў было, каторыя і жанатыя. Зямлі немнога пэўна, з ятроўкаю возьмемся жаць… станем на паласе, дык лакцямі  і ўпромся… Голас харошы быў у мяне, калі палола, ці жала, спявала. Была тады такая песня “Нікога мне не жаль, як бацьку ды маці…”. Бацька пачуе, бяжыць: “Не спявай яе, не спадабаецца мужыку!”.

З мужыком пажыла недоўга, хоць і грубая (цяжарная) была, вырашыла вярнуцца да бацькоў. Вольга ўжэ ў жываце была.  Латкі -транты свае перасушваю, а мужык пытае: “Чаго вывесіла?”. А я ўжо намерылася дамоў збегчы. Дый і кажу ятроўцы: “Сёння ноччу пайду”, а на печы сын яе ляжаў, пачуў. Перадаў Мітрафану. Кінуўся даганяць. Як нясу ношку праз лес, бягу.. Бягу, бягу, сонейка нізенька… ноч застане ў лесе, да роднага дому яшчэ далёка… Дайшла да Чэрніна, Сустрэла ў лесе мужнінага дваюроднага брата з жонкай, возам жэрдзі везлі.. Расказала ім, што іду ў прочкі. Яны пусцілі мяне пераначаваць. А ён таксама тую ноч ў Чэрніне начаваў, у другогага свайго брата…

Вярнулася на Грынаўку. Бацька наш быў граматны, суддзя валасці. Напісаў ў Мінск прашэнне, каб дазволілі разыйціся… хоць і дзіця нарадзіла (у 1919 годзе). Мітрафан Сілівончык доўга яшчэ не жаніўся потым. Як я ўжэ замуж пайшла,  ён потым таксама зноў ажаніўся. А я (Марья Бусел-Сілівончык) пайшла за Антона Дайнеку (Аверкаў). Жыла іх сям’я непадёк, праз шлях, на хутары Сецішчы, на паляне. Ён пяць гадоў у Першую міравую ў плену быў у Германіі. Вярнуўся дадому, у яго быў малы сын, а жонка памерла. І ў мяне  дачка, так і сыйшліся. Нарадзіліся шчэ – Вася, Грыша, Надзя (1933 г.), шасцёра дзяцей гадавалі. Бацька хату нам паставіў, тут у Дуброве...

Зажытачны хутар суддзі Чэрнінскай воласці ў лесе на Грынаўцы аднойчы ўночы наведалі злодзеі. Прыйшлі бандзіты ў масках (баяліся, мабыць, што пазнаюць). Потым казалі, што злодзеі былі з Залля. (Вёска Залле, непадалёк). Каноплі жменямі парассыпалі на дарозе, якая на Дуброву, каб падумалі, што з Дубровы злодзеі былі… Сляды путалі.

Мазур Надзея Антонаўна, 1933 г.н. расказвае. Пражыла маці доўга. Жыла са мною, дапамагла дзяцей гадаваць, хлопцаў Мішу і Колю, ніколі не засердзілася на ўнукаў. Сашка толькі ўжо пасля нарадзіўся. На работу была спорная. Нават, калі адносіць не магла, дык капала. Капаем картоплі, яна расказвае.

 “Табе, дачка, няма за што бога гнявіць, Я тваіх дзетак пагадавала. А мая маці (Аўдоцця, Аўдзюха Бусел 1859 - 1921) рана ўшла, у 62 гадочкі. ад ціфу памерла.  Маці рана ўшла, толькі першая мая дачка (Вольга 1919 г.р.) ў мяне на лане была. Не гадавала маці маіх дзетак…

Дастала андарак з куфра.

–Куды вы, мама?, - пытаюся (Мар’я)

-Да Хімы схаджу, адведаю…. Не схадзіла, памерла.

Старэйшая сястра Хіма (Яўфімья) у Кабыльшчыне замужам была. Гэта  яе выпраўлялася адведаць маці перад смерццю.  І вось той жа ноччу, як маці схавалі, прыйшлі на наш хутар бандзіты.

Эпізод 1919 - 1921 гг, хутар Грынаўка,  Палякі ехалі, зайшлі на хутар, узімку, ноччу, сабаку застрэлілі … Выгналі ва двор усіх, паставілі да сцяны пад ружжо, дзеці сядзелі пад печчу. Бацька: “Усё бярыце, толькі смерці не прэдавайце””.  А у той дзень як раз мы маці схавалі (Аўдзюха памерла ад ціфу, Мар’я жыла з бацькамі, збяжаўшы ад мужа).

Дзіця  было малое (Вольга), бацьку забралі з сабою палякі.. з канем разам. На воз пагрузілі нарабаванае дабро. Ні сабакі, ні маці, ні бацькі… хавалася з дзіцём, галасіла. Той спалох дрэнна паўплываў на здаро’е Аўдзюлі, жонкі брата Паўла. Хутка яна памерла, дзеці малыя засталіся.

Адна з дачок гаспадара хутара (Бусел Просся) як раз замуж збіралася, прыданае рыхтавалі. Бандзіты пабралі ўсё, нават палатно недатканае з кроснаў зрэзалі, і адзёжу, рушнікі, пасцель, і амаль усё, што было ў хаце, у скрынях, куфрах…

Цётка Просся (сястра мацяры) пайшла замуж у Бор (в. Вялікі Бор) за Мітроля (Кохно Мітрафан ?). Там і пражыла (Мітроліхай звалі), дзяцей нажыла. Сын іхні ў Светлагорску жыве.

 Са слоў бабы Надзі. “Маці казала: “Тыдні праз два бацька вярнуўся, на худым, старым, чужым кані. А свой у нас быў спраўны, добры. Адабралі, замянілі”. 

Перад вайной перасяліліся ў Дуброву, тады з хутароў ссялялі. Сын Павел перавёз хату, з ім і жыў бацька (Мікіта Бусел, былы суддзя Чэрнінскай воласці). Другую жонку Паўла звалі Лісавета. Першая Аўдоцця (Аўдзюля) памерла ад спалоху, калі бандзіты рабавалі хутар. Засталіся малыя дзеці і муж Павел.

Перад вайной  перасяліліся з хутара. Хату паставілі  ў Дуброве, ля шляху, на ражку (дзе Палазніка хата зараз). Падпадалі пад высылку (ў Сібір у ліхія 30-я гады). Кабы б не дапамога брата нявесткі Лісаветы (Іван Дайнека (Коўбік мянушка), які быў сельсавецкі начальнік, саслалі бы.  

Дзядька Павел (Гарыноўскі, з Грынаўкі. Бусел Павел Мікітаў). Першая жонка Аўдзюля яшчэ на хутары на Грынаўцы памерла, трое дзцяцей засталося. Сайшоўся з Лісаветай з Дайнекаў (Дуброва), і у яе хлопчык быў. Яшчэ дзеці ў іх нарадзіліся Іван (1936 г.р.) і Анюта (1939). Так дзяцей яе ў вёсцы клікалі –Лісавеціны, “Іван Лісавецін, Анюта Лісавеціна”.

Дзяўчынкай Надя хадзіла на Радуніцу з дзядзькам Паўлам па могілках у Дуброве. Там дзед Мікіта быў пахаваны і баба Аўдоцця (Аўдзюха).

Успамінае Мазур Н.А.  “Дядзька выбраў месца і гаворыць: “Вось тут мяне пахаваеце”. А я сабе думаю: “Хіба на етых ямінах добра будзе. Лісавета месца выбярэ роўнае”.

Эпізод. З расказа бабы Наддзі, а ёй расказала яе маці.

Чатыры дачкі было ў бацькі, а ўсхваляў нявестку. Бацька наш жыў з сям’ёй свайго сына Паўла. Хадзіў ў царкву. Пайшлі і мы ў царкву (мабыць, у Дуброве, ці ў Чэрніне). А там пачулі, што людзі казалі, што бацька хваліў нявестку, жонку сына Лісавету, што яна лепшая за дачок. Пытаемся ў яго: “Татка, хіба ж мы ў цябе дрэнныя такія, нягеглыя,  ці недарэкі якія?”. А ён: “На чыім вазку еду, таму і песеньку пяю”. Мол, раз жыву з нявесткаю, яе і ўхваляю.

  Мікіта Бусел быў заможны, крэпкі селянін – свая зямля была, гаспадарка – каровы, свінні, конь.  Паставіў дачкам хаты ў Дуброве – Мар’і і Алёне, сюды замуж пайшлі.

 Эпізод, Са слоў Дайнека Мар’і,  перасказаны яе дачкой Надзеяй (баба Надзя)

Алёна наша тут бліжэй да царквы жыла, (дзе хата Шчурыхі зараз). Дык Алёна жыла са свёкрам, там яшчэ два браты мужыка і яны сям’ёй. Ятроўкі ражаюць кожны год дзевак. Цесна і холадна. А хату, што бацька паставіў (тут насупраць), жыдам здаюць. І вось зноў Алена цяжарная., двух дзевак перад тым нарадзіла. І сніцца мне (Мар’і) сон. Быццам свіння апарасілась і ідзе праз вуліцу, месца яшчэ не адыйшло нават, цягнецца па зямлі. Прачнулася і кажу: “Да  чаго такі сон? Мо Алёна нарадзіла?” І точна. Дваіх дзетак – хлопчыка і дзяўчынку. У той жа дзень перабраліся ў прасторную цёплую бацькаву хату.  

Аднаго з двайнят, хлопчыка “прыспала” – прыціснула ва сне, задушыўся. “Як хадзіў тавар у статку, так і хадзіць будзе”. Нічога не меняецца. А маці наша (Аўдзюха) думае: “Нічога страшнага, што на аднога меней, хопіць з цябе”.. Трэція роды, і не было хлопчыкаў. Ганна была. Потым быў яшчэ адзін хлопчык Майсей. Вырас, з фронту не вярнуўся  (Вялікай Айчыннай вайны). Мужык сястры Алёны рана памёр.

Зпізод. Са слоў бабы Надзі (Мазур Надзеі Антонаўны, 88 гадоў).



Хата іхняя (цёткі Алёны) была каля царквы блізка, на цэнтры. Вярталіся мы з бежанцаў, з Зарэцкага хвойніку. Едам. Павярнаем дадому ў Буслы. Стаіць танка нямецкая, вялізная… Хата цёткі Алёны, Палашка ў ёй жыла, дачка яе. Карову, хадзяйства глядзела. Як цётка Алёна памерла Палашка гадасіла, абамлела… Замуж так не хадзіла, старэй за Вольгу (1919 г.н.) была. Выйшла з хаты Палашка, просіць маму: “Пакінь, цётухна, Надзю са мною. Баюся я адна.” Я і спрыгнула з возу (9 гадоў было). Немяц пьяны прыйшоў да нас у хату. Місачку з соллю як плясне дадолу на падлогу. Потым да Палашкі прычапіўся, прыстае. Яна бягом з хаты, я за ёй. Пабеглі да суседзяў Таццяны Сакавай (Сак), там поўна хата людзей. Памятаю, што пад лаўкаю проці печы начавала…

А нашы далей паехалі дамоў на канец сяла. У нашай хаце тую ноч немяц начаваў. Ехаў з адпачынку з Германіі, (пасля ранення водпуск яму давалі), вяртаўся на фронт, у Печышчах часць яго стаяла. Бацька наш ведаў нямецкі (5 гадоў нямецкага плена у 1-ю Сусветную вайну), разумеў. Немяц падарункаў надарыў, прадуктаў, гасцінцаў… Маці потым казала: “Ніколі болей не пакіну цябе. А каб нас пагналі куды?”…

Цётка Хіма, сястра мацяры. У Кабыльшчынае жыла, Хіма (Яфім’я) памерла ў бежанцах у войну (з Варкай Іваненчыхай разам былі), недзе ў Вяжнах яе схавалі. Дзеці засталіся. Васіль здаў хлопцаў  (Петра, Івана) у рамеслянае вучылішча, на дзяржаўнае давольствіе.  У Марусі вясел’е было. Прыехалі тры браты яе, цётчыны сыны. Сарочкі нейлонавыя, плясалі, сарочкі на плячах хадуном хадзілі. Ідуць на вяселле. Васіль гаворыць: “Хлопцы, дорым па кругленькай”. Гэта значыць, па сто рублёў. З Крывога Рогу прыязжалі?.

Эпізод. 60-я гады. Дуброва. Са слоў Мазур Н.А. У Ніны Рачковай купілі ў Церабулін хатку, (стопачка зараз у нас). Ох, і гаранулі! Пайшла рана па белу свету. Іван прыйшоў (муж). Маці яго, свякруха мая. “Вязі, - кажу,-  на свой загон. У Церабулін не находзішся даглядаць яе”.

Нарэзалі лесу, дый зрабілі хатку ёй. Тут “на горках” (ля ваданапорнай башні , за сялом). Мужыкі рубілі, а я абеды ім гатавала. Зрубілі і кропы паставілі. Потым перавезлі і паставілі насупраць нашай хаты, гэта наша пажызненная зямля.

Буран быў, (май 1969 г). дый раскідаў тую хатку. Купіла яе Алёксачка (маці Варкі Іваненчыхі), стопка ў іх у двары з яе.  А яшчэ і наша хата была не закончана, буран вокно выдраў. Прыйшла я, адчыніла, нічога там не было яшчэ, вакно выдрана.. Ох, дый  гаранулі…

Марына (Іванава сястра?) у гніленькую хатку ў Давыдаўцы перайсці. Тут нас ужэ не пыталі. Маруся забрала яе. Яна як ў машыну садзілася, дык і кажа: “Каб мяне адтуль няжывою ўжэ прывезлі”. У Сібір, Томск. 8 нядзель у Марусі паляжала і памерла. Іван у Маскве ў арміі служыў. На Данбассе.  Там яна цяляты пасціла па лесе, расказвала. Мо гады два пажыла..

Эпізод. Са слоў Мазур Н.А. У мацяры (Дайнека Мар’і) укралі з хлява бычка. Тады час такі ліхі  быў, што грабілі, рабавалі. А тут у суседа Лёйкі вяселле. На гэтым Лейкавыі вяселлі была і мая маці са сваім бацькам (Бусел Мікіта). Сядзяць за сталом, а бацька і кажа: “Еш, дачка, еш мяса, бо яно з твайго бычка”. ..

  Запісана 19.09.2021. , Дуброва.

Вось такія эпізоды з жыцця. Цікавы яны тым, што адлюстроўваюць тагачаснае жыццё наогул. 20-е гады, хутары Грынаўка, Сецішчы, банды былі, рабавалі (сабаку застрэлілі, сукно з кроснаў зрэзалі, каня забралі). 30-е гады, перасялялі з хутароў ў вёскі, 40-е – Вялікая Айчынная вайна (немцы ў Дуброве, танк), 1969 - бура.

автор блога библиотекарь Бусел Л.Ф., 24.12.2021. аг. Дуброва

Комментариев нет:

Отправить комментарий