Вітаю ўсіх, хто чытае мой блог!
Шчыра сказаць, спачатку зусім не збіралася публікаваць у сваім блозе гэты матэрыял. Тлумачу чаму. Спасылку на яго ў інтэрнэце мне
кінуў адзін добры знаёмы, ведаючы, што я шукаю звесткі пра сваіх родзічаў.
З’явіўся гэты матэрыял за подпісам Іван
Гарыст яшчэ шэсць
гадоў таму на сайце газеты “Калінкавічскія навіны” пад рубрыкай “ЗЯМЛЯ
БАЦЬКОЎ НАШЫХ”. Гаворка ў вялікім і змястоўным артыкуле ідзе пра гісторыю вёскі Казловічі
суседняга Калінкавічскага раёна. З гэтай
вёскі родам родны брат майго прадзеда па лініі мацяры (Тозік Іосіф Філімонавіч),
аб ім таксама ўзгадвалаеццца ў артыкуле. Дарэчы, сем’я маёй бабулі Параскі
жыла да Вялікай Айчыннай вайны на хутары ў урочышчы Дубавец (паміж вёскамі
Казловічы і Казанск). Потым была зселена ў Казанск. Бабуля, якой зараз 97 гадоў, і зараз
там пражывае. Прачытаўшы некалькі разоў гэты каштоўны, цудоўны краязнаўчы матэрыял,
вырашыла падзяліцца ім з чытачамі майго блога. Справа ў тым, што лёсы вёсак, як
і лёсы людзей, якія жылі ў адзін час, падобны. Нешта падобнае пісала і я,
складаючы летапіс сваёй вёскі Дуброва, якая стала для мяне роднай. Даўно няма ў жывых Тозіка
Лявона Філімонавіча (1897-1969гг)
(брата майго прадзеда), але чытаючы аб ім, аб яго геройскіх справах, ганаруся
ім, быццам маю да іх дачыненне.
З дзяцінства чула аб ім, мне было тры гады, калі памёр
дзядзька Лявон, як казала маці. Бабуля як-та расказвала, як ён знаёміў яе са
сваёй другой жонкай Уллянай… Ведаю, што ён быў каварыстам, з раскошнымі вусамі, служыў
яшчэ ў царскай арміі, быў кавалер трох Гергіеўскіх крастоў, потым удзельнічаў у
грамадзянскай вайне, меў узнагароды з Вялікай Айчыннай… З гэтага артыкула
даведалася, што быў камандзірам узвода, старшынёй сельсавета, Узнагароджаны ордэнам
Чырвонага Сцяга, медалём «За адвагу». У яго было
сямёра дзяцей.. Ведаю, что некаторыя жывуць зараз недзе ў Калінкавічах, Мазыры…
І ім ёсць кім ганарыцца. Няма, на жаль, фотаздымка Героя. Можа, знойдуцца
дзеці, унукі, праўнукі, якія паддзеляцца фота…
Гісторыя вёскі Казловічы, імёны людзей, якія пакінулі ў
ёй годны след… чытайце…
Казловічы
Героі Грамадзянскай вайны
Сённяшнія жыхары Казловіч мала што
могуць сказаць аб сваіх аднавяскоўцах, якія ў пачатку мінулага стагоддзя са
зброяй у руках усталі на абарону новага ладу жыцця, не шкадуючы сваіх жыццяў
змагаліся на франтах грамадзянскай вайны супраць іншаземных захопнікаў і
інтэрвентаў. Мала, таму што ўжо амаль няма ў жывых нікога з тых, хто ведаў
гэтых людзей, а тыя, хто па свайму службоваму абавязку павінен быў бы захаваць
для гісторыі памяць аб знакамітых сваіх земляках, не зрабілі гэтага своечасова.
Затое ў пісьмовых крыніцах — газетах ды
архівах — сёе-тое захавалася. Вось, напрыклад, як гэты ўспамін удзельніка
грамадзянскай вайны П.Савіцкага, які быў надрукаваны 1 студзеня 1969 года ў Калінкавіцкай раёнцы «За
камунізм»:
«Цяжка цяпер успомніць усё, бо шмат
гадоў прайшло, — пісаў аўтар. — Але з памяці, як гавораць, нічога не выкінеш,
калі ўсё перажыў сам. Гады грамадзянскай вайны… Мне і маім сябрам было тады
прыкладна па 20 гадоў. У студзені 1918 года нямецкія войскі пачалі акупацыю
нашай тэрыторыі. Хутка сабраліся мы з таварышамі і абмеркавалі, як дзейнічаць.
Вырашылі добраахвотна пайсці ў Чырвоную Армію.
Зборы былі нядоўгія. Разам з Лявонам Тозікам і Пятром Савіцкім і яшчэ двумя
аднавяскоўцамі пакінулі родную вёску Казловічы. У Жлобіне спыталі, дзе
фарміруюць часці. Аказалася, што непадалёку. Накіраваліся прама да камандзіра
палка Абрамовіча. Той прыняў нас ветліва, расказаў, як будзем ваяваць і дзе. А
хутка мы, салдаты 17-й стралковай дывізіі 151-га стралковага лалка, пагрузіліся
ў эшалон і паехалі ў напрамку Кіева… Разгрузіліся на невялікай станцыі
Радумышаль. Памятаю, мароз быў моцны, але салдаты трымаліся.
Доўга не прыйшлося сядзець на гэтай
станцыі. Толькі адышлі ад яе, як на нас напалі бандзіты. Мы ж яшчэ амаль не
мелі зброі. Бой быў цяжкі. Хутка мы атрымалі зброю — восем лёгкіх
артылерыстскіх гармат на полк. Вось тут ужо, як кажуць, весялей справа пайшла.
Прытым былі ў нас і вінтоўкі, два кулямёты. А праз дзень пайшлі ў атаку на
праціўніка, які засеў у вёсцы Лутоўка. Мы атрымалі перамогу. Многія салдаты
атрымалі падзякі. Памятаю, атрымаў пахвалу ад
камандзіра батальёна Ліскаўца і Лявон Тозік. Гэта быў наш першы сапраўдны бой. А пад Барысавам яшчэ цяжэй
было. На рацэ Бярэзіне абарону занялі палякі. Трэба было прарваць іх абарону і
адправіцца далей. I вось ноччу, я, старшы разведчык, а разам са мной і Лявон Тозік, пайшлі разведваць, дзе больш сіл у палякаў. Вырашана
было знянацку напасці на іх батальёны. Так і зрабілі. Хаця многія з нашых загінулі
тут, але ўсё ж прарваліся і перайшлі раку. Не дайшоўшы да вёскі, зноў сустрэлі
палякаў. Мы ўжо стаміліся, але духам не палі. Вось тут Лявон Тозік праявіў смеласць, не даў уцячы ніводнаму ворагу. Яго,
праўда, цяжка паранілі і я асабіста прынёс Лявона на
перавязачны пункт. А калі ён ачуняў, мы зноў ваявалі разам».
У былым Цэнтральным дзяржаўным архіве
Савецкай Арміі (г.Масква) захоўваюцца дакументы, у якіх адзначана, што ў склад
151-га стралковага палка 17-й дывізіі добраахвотна ўступілі ураджэнцы вёскі
Казловічы Іосіф Савіцкі і Пётр Кузьміч Савіцкі, Андрэй Васільевіч Мятлушка і
Кузьма Васільевіч Савіцкі, Лявон
Філімонавіч Тозік.
Там жа захоўваецца прадстаўленне да ўзнагароды камандзіра
ўзвода Л.Ф.Тозіка, у якім
гаворыцца наступнае: «7 ліпеня 1920г. на пераправе (цераз Беразіну — І.Г.) у
час наступлення камандзір першага ўзвода першай роты Лявонцій Тозік першы з воклічам «Ура!» кінуўся на
провалачную агароджу пад моцным артылерыстскім і ружэйна-кулямётным агнём
праціўніка, узняў узвод і прарваў агароджу, збіў заставу з 20 чалавек, сам узяў
палоннага, 15 гранат і 5 вінтовак. У кастрычніку 1919 г. у баі пад м.Ушачы быў
паранены, пасля вылячэння вярнуўся ў полк. У старой арміі з пачатку 1917 года
удзельнічаў у баях з немцамі…»
Лявон Тозік нарадзіўся 1 мая 1897 г., 18 кастрычніка 1918 г.
добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, 5 кастрычніка 1919 года быў назначаны
камандзірам 1-га ўзвода 1-й роты 151-га палка. Адзначыўся ў баях супраць
легіянераў у Беларускім Палессі ў 1919-м і ў ліпені 1920 г. — на Мінскім напрамку.
Узнагароджаны ордэнам
Чырвонага Сцяга.
У 1937-1938 гг. працаваў старшынёй Крукавіцкага сельсавета Даманавіцкага
раёна. 3 1941 г. — на фронце. Апынуўся ў палоне, збег. Пасля вяртання дамоў —
сувязны Даманавіцкага партызанскага атрада. 3 1944 г. — ізноў на фронце.
Узнагароджаны медалём «За
адвагу». Быў паранены.
Пасля вайны працаваў у калгасе. Памёр у 1969 годзе.
Не менш адважна за Тозіка ваяваў і яго
зямляк Пётр Кузьміч Савіцкі, які нарадзіўся 6 жніўня 1894 года. Спачатку —
чырвонаармеец, затым намеснік камандзіра, а з 6 ліпеня 1919 г. — камандзір 2-га
ўзвода 1-й роты 151-га палка. Адзначыўся ў баях з белапалякамі ў красавіку 1920
г. за в.Хутар Светлагорскага раёна і ў ліпені 1920 г. у в.Чэрневічы
Барысаўскага раёна. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, які быў уручаны яму
толькі ў 1978 годзе. У прадстаўленні да ўзнагароды гаварылася наступнае: «У баі
5 красавіка 1920г. пры ўзяцці вёскі Хутар асаблівай адвагай вызначыўся намеснік
узводнага камандзіра Пётр Савіцкі. Зайшоўшы ў тыл праціўніка, Савіцкі першым з
крыкам «Ура!» кінуўся на акопы ворага, захапіў кулямёт і двух палонных. У баях
за в.Чэрневічы 7.07.1920 г. камандзір 2-га ўзвода 1-й роты Пётр Савіцкі першы
кінуўся на кулямёт, узняў астатніх, захапіў кулямёт і павозку з патронамі.
Палякі вымушаны былі бегчы.
Прызываўся ў старую армію ў 1914г.,
ваяваў на Румынскім фронце, у 1915 г. за баявыя адзнакі атрымаў званне ефрэйтара».
Пасля грамадзянскай вайны Пётр Савіцкі
удзельнічаў у барацьбе з бандытызмам. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў
сувязным Даманавіцкага партызанскага атрада. Абодва яго сыны: Аляксей і Іван
загінулі на фронце ў барацьбе з фашыстамі. Памёр у 1971 годзе.
3 вялікай упэўненасцю магу сказаць, што
сярод вёсак Калінкавіцкага раёна няма больш ніводнай, дзе было б столькі
актыўных удзельнікаў і герояў грамадзянскай вайны, колькі іх было ў
в.Казловічы.
ВЕРХНІЯ
I НІЖНІЯ КАЗЛОВІЧЫ.
Гэта сёння вёска носіць адну назву, а
некалькі дзесяцігоддзяў назад яна была падзелена, у прынцыпе, як і зараз,
забалочанай лагчынай на дзве часткі і называлася адпаведна: Верхнімі і Ніжнімі
Казловічамі. Але і гэта былі не першапачатковыя назвы паселішчаў, яны
ўтварыліся ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Да гэта-га Верхнія Казловічы
называліся Казловічамі-1. а Ніжнія — адпаведна Казловічамі-2.
Паходжанне вёскі мае глыбокія карані. У
пісьмовых крыніцах яна ўпамінаецца ўпершыню ў XVI стагоддзі як вёска ў
Мазырскім павеце Мінскага ва-яводства Вялікага Княства Літоўскага. У метрыцы
караля Жыгімонта II Аўгуста па 1567
год яна значыцца як селішча, якім валодаў шляхціч М.Прушыоўскі. Аднак ёсць
сведчанне таго, што людзі ў ваколіцах Казловіч пасяліліся значна раней. Такім
сведчаннем з’яўляецца гарадзішча пад назвай Акты, якое выяўлена археолагамі за
4 кіламетры на паўднёвы ўсход ад вёскі ва ўрочышчы Горы.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай
Казловічы ў 1793 годзе ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1795 годзе тут
налічвалася 33 двары.
У 1850 годзе Казловічы ўжо належалі
памешчыкам Талстым. У 1879 годзе вёска ўваходзіла ў Навасёлкаўскі царкоўны
прыход. Паводле перапісу 1879 года ў Казловічах-1 у 48 дварах пражываў 291
жыхар, быў хлебазапасны магазін,
конны млын; у Казловічах-2 на 39 дварах пражывала 212 жыхароў, былі капліца,
конны млын, хлебазапасны магазін, пастаялы двор і фальварак.
Трэба ўлічваць і тое, што Казловічы
знаходзіліся ў выгадным геаграфічным становішчы. Абедзьве вёскі мясціліся вакол
стратэгічнага Бабруйскага тракта.
3 цягам часу вёска забудоўвалася, расло
і яе насельніцтва. Напрыклад, ужо ў 1908 годзе ў Казловічах-1 было 53 двары і
309 жыхароў, у Казловічах-2-49 двароў і 443 жыхары. Вёскі ў гэты час уваходзілі
ў склад Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета.
У 1925 годзе ў Казловічах-1 ужо 123
двары, у Казловічах -2 -73.
Ад паншчыны да калектыўнай працы
У невялічкім летапісе вескі Казловічы,
складзеным мясцовымі работнікамі культуры, які захоўваецца ў Казловіцкай
сельскай бібліятэцы, запісана: «Старажылы памятаюць в.Казловічы яшчэ з
дарэвалюцыйнага часу. Гэта была невялічкая вёсачка з пакрывелымі крытымі
саломай хацінамі. Сярод іх выдзялялася некалькі ладна зрубленых пад жалезным
дахам дамоў мясцовых багацеяў. Большасць жыхароў вёскі — малазямельныя, а то і
ўвогуле беззямельныя сяляне, якія жылі ў пастаянным страху, цярпелі нястачу і
даўно ўжо страцілі ўсякую надзею на лепшае жыццё.
Пераможны залп «Аўроры» абвясціў аб
пачатку зусім новага жыцця для вяскоўцаў. Усім сэрцам прынялі гэтую вестку нашы
дзяды і прадзеды. Усёй душой пацягнуліся яны да рэвалюцыйных перамен, да
Леніна.
Цяжкімі былі першыя гады Савецкай улады.
Ішла ўпартая барацьба не на жыццё, а на смерць.
… У 1929 годзе ў вёсцы пачынаюцца сходы
па калектывізацыі сельскай гаспадаркі. А ў 1930 годзе ўтвараецца калгас «1
Мая». Роданачальнікамі калгаснага руху ў Казловічах сталі Савіцкая Марфа
Васільеўна, Мятлушка Арына Васільеўна, Савіцкі Пётр Кузьміч, Мятлушка Павел
Андрэевіч, Міхайлоўскі Іван Нікадзімавіч, Савіцкая Таццяна Якаўлеўна, Савіцкая
Фядора Якаўлеўна, Мятлушка Вера Іосіфаўна, Савіцкі Антон Якаўлевіч, Мятлушка
Сяргей Іосіфавіч.
Першым старшынёй калгаса быў абраны
Савіцкі Пётр Савіч.
Былі ў калгасе свае звеннявыя і
брыгадзіры».
Працавалі на зямлі, безумоўна, па
старынцы: конь, валы, плуг ды барана. Але праз пяток гадоў у калгасе паявіўся і
першы трактар «Фардзон» а затым і машына-палутарка.
3 цягам часу пачалі ўзрастаць ураджаі,
людзі навучыліся калектыўнай працы, над жытнім полем пачалі ўсё больш і больш
лунаць радасныя песні калгаснікаў.
Ды не далі ўзбіцца людзям на добры шлях
нямецка-фашысцкія захопнікі. Пачалася вайна.
Усе на абарону Айчыны!
У першыя ж дні пасля абвяшчэння аб
пачатку Вялікай Айчыннай вайны казловіцкія мужчыны, як і мільёны іх
суайчыннікаў, былі прызваны ў войска і выступілі на абарону Айчыны. Тыя, каго
не прызвалі, разам са старымі, жанчынамі і дзецьмі засталіся на акупіраванай у
хуткім немцамі тэрыторыі. У ваколіцах Казловіч ужо ў першы год вайны пачалі
фарміравацца партызанскія атрады — побач была знакамітая Рудабепка (цяпер
Акцябрскі раён) і Даманавіцкае падполле. Жыхары Казловіч таксама папоўнілі
шэрагі народных мсціўцаў. Як, напрыклад, Зелянок Таццяна Рыгораўна. У 17 гадоў
дзяўчына стала партызанскай сувязной. Хударлявая, невысокага росту, рухомая і
кемлівая не па гадах, яна, як ніхто лепш, падыходзіла для выканання гэтай
задачы. Дзе толькі не бывала юная партызанка. Яе можна было бачыць у
Калінкавічах і ў Азарычах, Даманавічах і іншых вёсках.
Ніхто нават западозрыць не мог, што
гэтае дзяўчо выконвае важныя партызанскія заданні, калі хто і стрымліваў свой
позірк на сувязной, то яе паводзіны
не выклікалі ніякага падазрэння — блытаецца сабе малая па вуліцах без дай
прычыны, дый годзе.
Не раз і не два, дзякуючы яе дэталёвай
разведцы і здабытым звесткам, устрайвалі затым партызаны налёты на фашысцкія і
паліцэйскія гарнізоны. Ратны подзвіг партызанскай сувязной і разведчыцы
адзначаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За баявыя заслугі» і
«Партызану Айчыннай вайны II ступені». Да баявых узнагарод у мірны час
прыбавіліся медаль «За доблесную працу» і знак «Выдатнік савецкай спажывецкай
кааперацыі».
Жыхары Казловіч добра ведаюць, памятаюць
і ганарацца сваімі землякамі — удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, мужнымі
абаронцамі Радзімы: Зелянком Рыгорам Іванавічам, Савіцкім Піліпам Мацвеевічам,
Савіцкай Вольгай Паўлаўнай, Савіцкім Іванам Міхайлавічам, Савіцкім Мікалаем
Пятровічам, Мятлушка Аляксеем Даніпавічам, Мятлушка Сцяпанам Пятровічам,
Мятлушка Фёдарам Міхайлавічам, Мятлушка Цімафеем Данілавічам, Мятлушка Яфімам
Лук’янавічам, Мятлушка Піліпам Сцяпанавічам, Мятлушка Мікалаем Іванавічам,
Савіцкім Васілём Пятровічам.
Дзевяноста жыхароў вёскі не вярнуліся ў
Казловічы з франтоў вайны.
У 1942 годзе фашысты спалілі вёску, а яе
жыхары пайшлі ў лес.
12 студзеня 1944 года Казловічы былі
вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 153 савецкія воіны паляглі ў
ваколіцах вёскі ў час яе вызвалення. Усе яны пахаваны ў брацкай магіле, якая
размешчана ў паўночнай частцы Казловіч.
Калгас “1 мая”
Як толькі апошні замежны паганец быў
выгнаны з Калінкавіцкай зямлі, у Казловічах узнавілася работа калгаса. На
сходзе першым пасляваенным старшынёй праўлення калгаса «1 Мая» выбралі
Старавойтаву Ганну Сцяпанаўну. Зразумела, што ад былой калектыўнай гаспадаркі
за вайну не засталося нічога жывога. Па хлявах і падворках збіралі бароны,
плугі, іншы сельгасінвентар.
Замест коней і валоў упрагаліся ў плуг
самі вяскоўцы. Цяжка было, невыносна да болю ад фізічных перагрузак, ад
галадухі, нястачы, але і радасна — нашы войскі цяснілі фашыста па ўсіх
напрамках, гналі яго ва ўласнае логава — Берлін.
На старшынёўскім пасту Старавойтаву праз
невялікі час змяніў казлавічанін, франтавік, які дагэтуль працаваў у
Даманавіцкім райвыканкаме, Савіцкі Васіль Пятровіч.
На змену яму прыйшоў Яцэвіч Васіль
Іванавіч, затым Шпакаў Іван Астапавіч.
Менавіта пры кіраўніцтве Івана
Астапавіча калгас «1 Мая» ўзняўся на ногі і дасягнуў небывалага дагэтуль
росквіту.
Калі Шпакаў прынімаў гаспадарку, становішча
яе было малазайздросным — даўгі складалі мільёны, тых паўнаважных савецкіх
рублёў.
Задача была адна: як мага хутчэй
павысіць ураджайнасць усіх культур, колькасць жывёлы, надоі і прывагі. Не
забыць пра арганіку.
Аднак, задумаць адно, зрабіць — другое.
Да таго ж дрэннае семя не дасць добрае племя. I пайшоў шукаць Шпакаў выхад з
сітуацыі. У навукова-вопытнай станцыі «Доўск» яму ўдалося набыць элітнае
насенне азімага жыта «Белта» і некалькі тон ячменю першага класу. Пашчасціла,
што мінеральных тукаў можна было ўзяць колькі хочаш. Таму поле пад зерневыя
падрыхтавалі і заправілі па ўсёй тэхналогіі.
Год выдаўся тады ўдачлівы для
сельгаскультур. Маразы і засухі абышлі Казловічы бокам. Ураджай убралі ў
сціслыя тэрміны і атрымалі яго па тым часе неверагодным — пад 30 цэнтнераў з
гектара. Не падвяла і бульба. Гатунак «Тэмп» даў па 200 цэнтнераў клубняў з
гектара. Панаехаўшыя «правяральшчыкі» хадзілі і скрупулёзна ўсё вынюхвалі, не
верылі, што такое магчыма. Аднак, нічога не паробіш, факт застаўся фактам, лічбы
былі не прыпісанымі — раён накіраваў «першамайцаў» у Маскву на Выставу
Дасягненняў Народнай Гаспадаркі. Механізатару Міхаілу Мятлушка ўручылі ў якасці
ўзнагароды аўтамабіль «Масквіч-412», старшыні калгаса — тэлевізар.
Першыя ўзнагароды, канешне, надалі сіл і
ўпэўненасці ў правільна выбраным напрамку.І пайшло, і паехала. 3 года ў год
калгас «1 Мая» павялічваў урад-жайнасць, надоі, прывагі, пагалоўе жывёлы.
Ураджайнасць збожжавых узрасла да 40 цэнтнераў з гектара, бульбы — да 300
цэнтнераў.
Як на дражжах раслі і заробкі
калгаснікаў. Калгас штогод узнагароджваўся Пераходнымі Чырвонымі Сцягамі,
станавіўся пераможцай раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. У
гаспадарцы будаваліся дамы, фермы, майстэрні, пракладваліся дарогі. Менавіта ў
60-70 гг. адбудоўваецца цэнтр Казловіч: узводзіцца кантора калгаса, магазін,
клуб, бібліятэка, пошта, ФАП, дзіцячы сад.
У «1 Мая» стала прэстыжным працаваць.
Ардэнаносцамі ў гаспадарцы сталі
механізатары Сцяпан Мятлушка, Іван Гайскоўскі, Міхаіл Мятлушка. Сцяпан Мятлушка
ў 1967 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Грудзі старшыні калгаса Івана Шпакава
ўпрыгожылі ордэны Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».
15 гадоў працягвалася старшынёўства
Шпакава ў «1 Мая». Затым яго змяніў Кудласевіч Аляксей Паўлавіч. Пасля яго
гаспадаркай кіравалі Мятлушка Віктар Васільевіч, Гарбун Вячаслаў Фёдаравіч.
Цяпер былы калгас «1 Мая», які быў пераіменава-ны ў СВК «Казловіцкі» пасля
рэарганізацыі ў 2006 годзе ўваходзіць у склад КПС «Даманавічы» ААТ
«Калінкавічыхлебапрадукт».
Цэнтр сельсавета
У 60-х гадах мінулага стагоддзя Верхнія
і Ніжнія Казловічы аб’ядналіся ў адну вёску і сталі называцца проста
Казловічамі.
А 21 кастрычніка 1968 года в. Казловічы
стала цэнтрам Казловіцкага сельсавета, у склад якога з Хаміцкога сельсавета
перайшла вёска Казанск, з Навасёлкаўскага — Казловічы, а з Даманавіцкага —
Кошчычы.
Першым старшынёй Казловіцкага сельсавета
быў Тозік Пётр Якаўлевіч, які да гэтага з 1944 па 1968 год працаваў старшынёй
Хаміцкога сельсавета. Пётр Якаўлевіч узначальваў адміністрацыйна-тэрытарыяльную
адзінку да ліпеня 1987 года.
Першым сакратаром Казловіцкага
сельсавета быў Лацко Васіль Сяргеевіч, які адпрацаваў на гэтай пасадзе да
ліпеня 1981 года. Яго змяніў Савіцкі Павел Іванавіч, адпрацаваўшы па жнівень
1988 года. Год на пасадзе сакратара працавала Цырулік Галіна Аляксееўна. А з
кастрычніка 1989 года гэту пасаду ў Савеце займае Тупік Кацярына Адамаўна, якая
працуе і па сённяшні дзень.
31 ліпеня 1987 года старшынёй
Казловіцкага сельсавета выбіраюць Гваздзя Фёдара Мікалаевіча, які кіраваў
мясцовым дэпутацкім корпусам і выканкамам Савета да снежня 2004 г. Зараз
сельсавет узначальвае Гарбун Людміла Уладзіміраўна.
У кастрычніку 1991 года ў склад
Казловіцкага сельсавета была ўключана вёска Цідаў з Азарыцкага пасялковага Савета.
На тэрыторыі сельсавета зараз працуюць
сельгасвытворчасці КПС «Даманавічы» ААТ «Калінкавічыхлебапрадукт», Казанскі і
Казловіцкі ФАПы, магазіны ў Казловічах, Кошчычах і Казанску, клубы і
бібліятэкі, аддзяленні сувязі і школы, КПП у Казанску, Кошчычах і Казловічах. У
1971 годзе ў Казловічах было 214 двароў і жылі 632 жыхары, сёння (на
1.06.201Ог.) -189 двароў у якіх жыве 431 жыхар.
Пасля чарнобыльской авырыі ў вёсцы было
пабудавана 50 дамоў для перасяленцаў.
Вытокі
асветы
Гісторыя Казловіцкай школы пачынаецца з
1913 года. Яна размяшчалася тады ў наёмнай сялянскай хаце. Утрыманне школы
ажыццяўлялася за кошт бацькоў яе вучняў, якія вымушаны былі плаціць за арэнду
хаты, зарплату настаўнікам, ды яшчэ і карміць апошніх па чарзе.
На жаль, ніхто не памятае зараз, якой
была школа пасля 1917 года. Верагодна, як і ў многіх вёсках таго часу,
настаўнікі школы днём вучылі дзяцей, а па вечарах займаліся ліквідацыяй
неадукаванасці старэйшага насельніцтва. У 1920 годзе на работу ў Казловіцкую
школу прыйшоў настаўнік Савіч Л.Н., які адпрацаваў два гады. Вучыліся дзеці, як
і раней, у наёмнай хаце.
У 1924 годзе з Навасёлак у Казловічы
перавезлі дом свяшчэнніка і на яго аснове ўзвялі будынак Казловіцкай школы.
Школа ў вёсцы адначасова стала і месцам правядзення ўсіх грамадскіх
мерапрыемстваў, сходаў, канцэртаў, дэманстрацый кіно.
Будынак школы быў
падзелены на два пакоі, у якіх парты стаялі ў 4 рады. У кожным раду сядзелі
вучні асобнага класа. Гаспадарыла тут настаўніца Гаркуша Г.Л. На змену ёй
прыйшпа Саракалетава С.В.
У 1935 годзе ў школе навучалася 112
вучняў.
Перад вайной дзяцей вучыў Лісюк Карней
Піліпавіч, які з школы і пайшоў на фронт.
Пасля вызвалення Казловіч, у 1944 годзе,
школа аднавіла сваю работу. У школе настаўнічалі Міхайлоўская Надзея Рыгораўна,
Кітус Усціння Якубаўна і Чарных Уладзімір Піліпавіч.
3 1946 па 1962 год дырэктарам
Казловіцкай школы працаваў У.П.Чарных. ён выкладаў спачатку ў пачатковых
класах, а затым -гісторыю, геаграфію, працоўнае навучанне. Разам з ім працавалі
ў школе Ясінавец Сіма Канстанцінаўна (1962-1987гг.) і Мятлушка Цімафей
Данілавіч (1946-1950гг).
У першыя пасляваенныя гады школа
паранейшаму ў Казловічах заставалася пачатковай. Заняткі ішлі ў дзве змены.
Вострым было пытанне аб будаўніцтве новага будынка школы. У 1959 годзе, яно
пачалося. А праз два гады, у 1961 годзе, дзеці перайшлі ў новы будынак і пачалі
вучыцца ў адну змену.
Чарных працаваў у Казловіцкай школе да
1972 года, затым пяць гадоў дырэктарстваваў у Міхайлаўскай васьмігодцы. Але ў
1977 ізноў вярнуўся ў Казловічы. Настаўнічаў. I толькі ў 1990 годзе пайшоў на
заслужаны адпачынак.
3 1962 па 1965 год Казловіцкай
васьмігодкай кіраваў Бабіцкі Лазар Якаў-левіч. У 1965 годзе да драўлянага
будынка школы была зроблена цагляная прыбудова. 3 1965 па 1968 г. школу
ўзначальвала Савіцкая Таццяна Піліпаўна. Разам з ёй працавалі цудоўныя педагогі
Шпакава Ганна Яфрэмаўна (1965-1983 гг.) і Іларыёнава Аляксандра Аляксееўна
(1966-1982 гг.).
3 1968 па 1981 год школу
ўзначальваў Яўсеенка Аляксандр Пятровіч, з 1981 па 1985 гг. — Грышчанкоў Васіль Мацвеевіч, з 1985 па
1998 гг. — Отчык Алег Мікалаевіч. Менавіта Алег Мікалаевіч ажыццяўляў апошнюю
прыбудову да Казловіцкай ужо дзевяцігодкі. Яна была здзейснена ў 1989 годзе.
Дарэчы, з наступнага года статус школы,
па сцвярджэнні Марыі Мікалаеўны, зменіцца. У Казловічах, дзе сёлета будуецца
аграгарадок, замест дзевяцігодкі будзе ўстанова адукацыі
«Навучальна-педагагічны комплекс «Казловіцкая пачатковая школа-сад». I вучыцца
школьнікі з выхаванцамі садка будуць у рэканструяваным будынку былога дзіцячага
садка.
Плённа працавала на ніве адукацыі ў
Казловіцкай школе настаўніца гісторыі Марыніч Святлана Міхайлаўна, якая мае за
плячыма 28 гадоў педагагічнага стажу. Родам яна з Рэчыцкага раёна, як і многія
яе калегі па школе, пусціла ў Казловічах карані і моцна прырасла імі да гэтай
вёскі. Больш 20 гадоў выкладала геаграфію і абслугоўваючую працу ў мясцовай
школе ўраджэнка Лельчыц Зайцава Марыя Іванаўна. Больш 15 гадоў навучалі юных
жыхароў вёскі настаўніца матэматыкі Сільчанка Святлана Мікалаеўна (родам з
Казанска), настаўніца пачатковых класаў Лышчанка Святлана Віктараўна (з
Украіны), настаўніца рускай мовы і літаратуры Савіцкая Жанна Міхайлаўна (з
Петрыкаўскага раёна). Усе яны даўно сталі ў Казловічах сваімі.
Больш 20 гадоў штодня з суседніх
Даманавіч дабіралася на працу ў Казловіцкую школу настаўніца беларускай мовы і
літаратуры Федарэнка Ніна Прохараўна. У мінулым годзе яна дасягнула пенсійнага
ўзросту, але яшчэ год навучала дзетак роднай мове.
Даўно выйшлі на заслужаны адпачынак, але
жывуць у вёсцы і працягваюць карыстацца заслужанай павагай былыя настаўніцы:
пачатковых класаў Іванова Паліна Міхайлаўна, матэматыкі Савіцкая Т а ц ц я н а
Піліпаўна.
Менавіта дзякуючы такім педагогам, як
яны, выпускнікі Казловіцкай школы абралі ў сваім жыцці прафесію педагога. У іх
ліку: Савіцкі Васіль Мікалаевіч — настаўнік фізікі, Чарных Мікалай
Уладзіміравіч, на жаль ужо пакойны, — былы дырэктар Кошчыцкай васьмігодкі,
Савіцкі Уладзімір Мікалаевіч — намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай
рабоце Чырвонабярэжнага сельгастэхнікума, Тупік Ніна Цярэнцьеўна — настаўнік
матэматыкі і інш.
Ганарыцца Казловіцкая школа і іншымі
сваімі выпускнікамі: Савіцкім Пятром Мікалаевічам — былым старшынёй шэрага
гаспадарак нашага раёна, старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама, цяпер —
начальнікам камітэта па працы і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама,
Савіцкім Васілём Піліпавічам — начальнікам Калінкавіцкай райдзяржінспекцыі па
насенневодству, каранціну і абароне раслін, Савіцкім Васілём Міхайлавічам —
намеснікам начальніка упраўлення сельскай гаспадаркі Мазырскага райвыканкама,
Кудласевічам Аляксандрам Аляксеевічам — намеснікам начальніка РАУС Чыгуначнага
раёна г.Гомеля, многімі іншымі.
У 1998 годзе на пасаду дырэктара
прызначылі Мятлушка Марыю Мікалаеўну, якая і зараз кіруе Казловіцкай дзевяцігодкай.
Воін — інтэрнацыяналіст
Асаблівы гонар Казловіцкай школы — яе
выпускнік Вячаслаў Мятлушка. Пасля заканчэння мясцовай васьмігодкі Слава пайшоў
вучыцца ў Даманавіцкую сярэднюю школу. Затым было Мазырскае ПТУ-84 геолагаў,
выпуск з якога прыпаў на чэрвень 1986 года. У гэты ж час юнак атрымаў і позву
на службу ў армію. Аднак замест арміі трапіў на бальнічную койку з запаленнем
лёгкіх. Тым не менш увосень гэтага ж года яго прызвалі ў войска. Да мая 1987
года хлапец асвойваў спецыяльнасць наводчыка-аператара БМП-2, а ўжо 15 мая ён
ступіў на спякотную зямлю Афганістана. Службу пачаў у 1-й роце 1-га батальёна
180-га мотастралковага палка, які базіраваўся ў Кабуле. Праз тыдзень Вячаслаў
Мятлушка атрымаў першае баявое заданне. Быў першы бой, упершыню ўбачыў гібель
сваіх аднапалчан.
Неаднаразова хлапец з Казловіч прымаў
удзел у баявых аперацыях, спазнаў, што такое інфекцыйныя хваробы ў афганскім
пекле, што такое невыносная спякота і пясчаныя буры, што такое страта блізкіх
сяброў, што такое подых смерці.
Праз год пасля яго службы ў Афганістане,
15 мая 1988 года, па ўзаемнай дамоўленасці савецка-афганскіх баёў першая партыя
савецкіх войск пакідала недружалюбную зямлю. У Панчжэрскай цясніне, якую
кантраляваў Ахмед-Шах Масуд, чацвёра сутак 180-ы полк ажыццяўляў прыкрыццё
Рухінскага палка.
Нервы ўсіх былі на ўзводзе, адчувалася
мацнейшае перанапружанне ўсіх — ад радавых да камандзіраў.
Душманы напалі знянацку, у той час, калі
праходзіла апошняя калона нашых войск. Разгарнуўся бой. У нейкі момант Слава
заўважыў, што скончыліся снарады. Да таго ж выйшаў са строю вентылятар, які
адводзіў з бронемашыны парахавыя газы. Дым выядаў вочы, не было чым дыхаць.
Мятлушка прыўзняў люк, каб удыхнуць свежага паветра. Але не паспеў ён як след
высунуць галаву, побач прагрымеў узрыў. Успышка і Слава нырнуў назад у люк.
Кроў залівала твар, ён паспеў звязацца па рацыі з камбатам і страціў
прытомнасць. У Кабульскім шпіталі з яго галавы дасталі асколак, а праз два
тыдні ён зноў быў гатовы да выканання новага задання.
На памяць аб афганскай вайне ў
казловіцкага хлопца на ўсё жыццё засталіся ордэн Чырвонай Зоркі ды асколкі, што
дагэтуль знаходзяцца ў яго левым лёгкім. Пяць месяцаў праслужыў у гарачай
кропцы салдат. Яшчэ 13 лютага 1989 года ён удзельнічаў у вызваленні дарогі
цераз перавал Саланг. Пасля вайны вярнуўся ў Казловічы, стварыў сям’ю, у якой
падрастаюць два сыны. Зараз, праўда, жыве ў Калінкавічах, але і ў роднай вёсцы
бывае амаль штодня, бо трэба дапамагчы бацькам, якія жывуць тут, ды і радзімыя
карані, відаць, не адпускаюць.
Культурнае
жыццё вёскі
Сёння, канешне, ужо няма тых спеваў і
танцаў, што луналі раней над Казловічамі. I справа не ў тым, што мясцовыя
работнікі культуры сталі працаваць горш, чым іх папярэднікі. Змяніўся час,
змяніўся лад жыцця, змяніліся яго прыярытэты. Людзі пачалі задавольвацца
паслугамі радыё, тэлебачання. А яшчэ ж у недалёкім — 1984 годзе раённая газета
«За камунізм» пісала:
«Удзельнікаў мастацкай самадзейнасці
Казловіцкага сельскага Дома культуры часта сустракаюць дружнымі апладысментамі
не толькі працаўнікі калгаса «1 Мая», але і жыхары вёсак Кошчычы, Даманавічы,
Халоднікі. Заўсёды з поспехам праходзяць канцэрты гэтага калектыву. Душой яго
з’яўляюцца Надзея Старавойтава, Людміла Цяцерыч, Марыя Манько, Людміла Гарыст,
Людміла Казачэнка.
… Вялікай папулярнасцю ў працаўнікоў
вёскі Казловічы, а таксама і суседніх вёсак, карыстаецца і фальклорны ансамбль,
у саставе якога працаўнікі малочнатаварнай фермы: даярка Я.А.Сільчанка,
свінарка В. А. Музычэнка, Я. Л. Голуб і іншыя.
… Вялікую дапамогу работнікам Дома культуры
ў правядзенні ўсіх культурна-масавых мерапрыемстваў аказвае бібліятэкар Л.А.
Казачэнка. Пры
актыўным удзеле Людмілы Аляксееўны
праходзяць вечары адпачынку хлебаробаў, дні жывёлаводаў і механізатараў у
гаспадарцы, а таксама чытальніцкія канферэнцыі і гутаркі з чытачамі, ранішнікі
ў Казповіцкай васьмігадовай школе».
А вось што пісаў у раёнцы праз два гады
паспя гэтага М.Савіцкі — дырэктар Казловіцкага СДК: «Да вясны мы пачалі
рыхтавацца загадзя.распрацавалі план мерапрыемстваў, стварылі агітбрыгаду. У састаў
яе ўвайшлі сем чалавек. Гэта М. М. Манько – завуч Казловіцкай васьмігодкі, Л.
А. Казачэнка – загадчыца Бібліятэкі, Г. П. Мятлушка – выхавацельніца, С. М.
Марыніч – загадчыца дзіцячага сада, У. М. Савіцкі – галоўны інжынер калгаса, В.
Ц. Казачэнка – слесар свінафермы і я – мастацкі кіраўнік. Правялі рад
рэпетыцый, а калі наступіла вясна, пайшлі да механізатараў.
Выступленні ўдзельнікаў мастацкай
самадзейнасці перад сельскімі працаўнікамі непасрэдна на іх рабочых месцах
практыкуем ужо даўно. Нярэдкія госці самадзейныя артысты і на жывёлагадоўчых
фермах. Жывёлаводы таксама прымаюць удзел у мастацкай самадзейнасці. Больш 15
гадоў, напрыклад, выступае на сцэне пенсіянерка, былая даярка Т.Р.Мятлушка,
сёстры В.А.Музычэнка і Я.А.Сільчанка, таксама даяркі, ўдзельнічаюць у мастацкай
самадзейнасці звыш дзесяці гадоў. Гэта наш актыў”.
Сёння, як і раней, арганізатарамі
культурнага жыцця вёскі застаюцца мясцовыя работнікі культуры: Тамара Манько —
бібліятэкар Казловіцкай сельскай бібліятэкі, якая працуе на гэтай пасадзе з
1996 года і неаднаразова за гэты час адзначалася і аддзелам культуры
райвыканкама, і раённым выканаўчым камітэтам, Любоў
Савіцкая — дырэктар СДК, якая працуе з 2007 года. I хаця не так ужо часта, як у
былыя гады, але і зараз знаходзяцца аматары самадзейнай песні, якія радуюць
сваёй творчасцю землякоў. Асаб-ліва адзначыўся дуэт гітарыстаў у складзе
жывёлавода Анатоля Марыніча і нядаўняга механізатара Генадзя Савіцкага. А песні
ў выкананні дыспетчара Казловіцкага аддзялення КПС «Даманавічы Галіны Доўбан
заўсёды сустракаюць на «ура».
Добра вітаюць землякі і выступленні
Наталлі Марыніч — прыбіральшчыцы мясцовага СДК. Сям’я Марынічаў — увогуле
адданыя самадзейнай творчасці людзі. Не адстае ад сваіх бацькоў у гэтым плане і
іх дачушка Крысціна, якая сёлета закончыла 8 класаў.
Так што песня ў Казловічах працягвае
сваё жыццё.
Радзіма героя
У Казловічах заўсёды на раджаліся і
жылі, працавалі і змагаліся з ворагам мужныя, гераічныя людзі. Не раз і не два
ратныя справы і працоўныя дасягненні казлавічан адзначаліся высокімі
ўзнагародамі Радзімы. Але самай высокай удастоілася Кацярына Апанасаўна
Мятлушка, якая нарадзілася 1 красавіка 1927 года ў в.Казловічы. Да вайны яна
паспела закончыць 6 класаў. А калі Васілевіцкі раён вызвалілі ад захопнікаў,
16-гадовай дзяўчынай яна пайшла працаваць даяркай у саўгас «Ведрыч». У хуткім
часе кіраўніцтва гаспадаркі ўжо ставіла ў прыклад усім жывёлаводам саўгаса
працавітую дзяўчыну. Ад кожнай каровы Каця атрымлівала па 4000 літраў малака.
Па тым часе -неверагодны паказчык. За высокія надоі і асабісты ўклад у развіццё
сельскай гаспадаркі ў 1948 годзе Кацярыну Мятлушка ўзнагародзілі ордэнам
Працоўнага Чырвонага Сцяга. У гэты ж год яна паставіла новы рэкорд — надаіла па
5110 кілаграмаў малака на ўмоўную голаву. Яшчэ праз год — новае дасягненне.
Кацярына надаіла па 6401 кілаграму малака ад кожнай каровы. Такога поспеху не
дабіваўся яшчэ ніхто ў рэспубліцы.
За высокія дасягненні ў развіцці
жывёлагадоўлі Кацярыне Апанасаўне было прысвоена высокае званне Героя
Сацыялістычнай Працы. А было Герою тады ўсяго 23 гады.
Было ў жыцці Кацярыны Мятлушка яшчэ шмат
розных прыступак, якія даводзілася браць, і поспехаў. Была яна і цялятніцай. I
праца ў гэтай ролі была вельмі працяглай — з 1951 па 1972 год, аж да самага
выхаду на пенсію. I
у ролі цялятніцы Кацярына Апанасаўна
даказала, што ў жывёлагадоўлі, у кожнай яе галіне, большасць залежыць не толькі
ад тэхналогіі, а ў першую чаргу ад чалавека, які выконвае тую ці іншую справу.
Цяляткі, якіх яна прыняла на дагляд,
ледзь не даходзілі ад мінулага дагляду. Пры Кацярыне ж яны ў хуткім пачалі
даваць па 750 грамаў прываг пры планавым заданні ў 500 грамаў. А яшчэ праз
некаторы час, яе выхаванцы ў суткі прырасталі на 900-950 грамаў. Гэта былі
новыя рэкорды Мятлушкі. А з імі і адпаведныя ўзнагароды — Ганаровая грамата
Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, медаль «За доблесную працу».
Кацярына Апанасаўна была не толькі
вялікай працаўніцай, яна была і цудоўнай маці. Нарадзіла і выхавала пецярых
цудоўных дзяцей. А гэта такса-ма геройскі ўчынак.
Да канца 2010 года Казловічы стануць
аграгарадком. У вёсцы ёсць усё, што трэба чалавеку для жыцця і працы. А калі
чагосці і не хапае, то працавітыя і мужныя казлавічане здабудуць гэта. Яны
цвёрда стаяць на зямлі і ўпэўнена глядзяць у заўтрашні дзень.
Іван Гарыст.
Вось такі цікавы артыкул трапіўся мне, і я захацела ім з
вамі падзяліцца.
Аўтар блога Людміла Бусел, 02.03.2019 г. аг. Дуброва, км
ў 30 ад аг. Казловічы, на Бабруйскім тракце…
Комментариев нет:
Отправить комментарий